Беларуская Служба

Сікорскі — Расіі: Замест таго, каб фантазіраваць пра паўторнае заваяванне Варшавы, турбуйцеся аб тым, як не страціць Хайшэньвэй (Уладзівасток па-кітайску — рэд.)

23.04.2025 15:56
Будучыня Польшчы залежыць ад супрацоўніцтва з Еўрасаюзам, заявіў у сваёй праграмнай прамовк ў Сейме міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі. 
Аўдыё
  • Міністр Сікорскі падкрэсліў, што бяспека, росквіт і моц Польшчы залежаць ад таго, наколькі моцная аб'яднаная Еўропа.
      .                .
Асобна кіраўнік МЗС Польшчы звярнуўся да Масквы. «Вы ніколі больш тут не будзеце кіраваць» — такімі словамі Радаслаў Сікорскі звярнуўся да расійскіх уладаў.Фота: PAP/Leszek Szymański/Shutterstock

Радаслаў Сікорскі, сярод іншага, заявіў, што Польшча не павінна падманваць сябе тым, што яна выйграе ад свету, у якім зноў запануе права сілы, ад падзелаў у ЕС:

— Наадварот, Польшча павінна кідаць свае рэсурсы на абарону дэмакратыі, павагі да міжнароднага права, справядлівага і эфектыўнага Еўрапейскага Саюза. На карту пастаўлена пытанне аб тым, ці застанецца Еўропа, наш дом, адным з цэнтраў свету ці будзе раскідана на дзясяткі збяднелых рынкаў збыту. Ці будзе яна моцнай і рашучай? Ці будзе сукіраваць светам ці стане музеем народнага быту?

Міністр Сікорскі падкрэсліў, што бяспека, росквіт і моц Польшчы залежаць ад таго, наколькі моцная аб'яднаная  Еўропа.

Вайна ва Украіне з'яўляецца прычынай паглыблення нявызначанасці, але таксама вынікам зменаў, якія адбываюцца на працягу доўгага часу, сказаў дыпламат, падкрэсліўшы, што еўрапейская дыскусія аб знешняй палітыцы  зводзіцца да слушнай формулы  «канец квітнеючага міру», які паспяхова выкарыстоўваўся на карысць Польшчы на працягу апошніх дзесяцігоддзяў:

— Новы рэвізіянізм і старое прымірэння агрэсара вядуць да падрыву заснаванага на праве міжнароднага парадку, які з'яўляецца асновай для развіцця Польшчы. Узнікаюць пытанні наконт трываласці асноў нашай бяспекі, гэта значыць еўрапейскай супольнасці і трансатлантычнага супрацоўніцтва. Для Польшчы найбольшай пагрозай быў бы распад заходняга адзінства.

Радаслаў Сікорскі таксама падкрэсліў, што «мы не можам дазволіць сабе ілюзій або бяздзейнасці», адзначыўшы, што Польшча імкнецца забяспечыць верагоднасць сваіх хаўрусаў.

Асобна кіраўнік МЗС Польшчы звярнуўся да Масквы. «Вы ніколі больш тут не будзеце кіраваць» — такімі словамі Радаслаў Сікорскі звярнуўся да расійскіх уладаў. Прадстаўляючы ў Сейме задачы знешняй палітыкі Польшчы сёлета, палітык зазначыў, што Крэмль не мае права навязваць сваю палітыку суверэнным дзяржавам. Палітык адзначыў, што расійскія імперскія памкненні глыбока ўкаранёныя ў гістарычны кантэкст:

— Расійскае права на Варшаву мае падобнае абгрунтаванне, як і наша права на Смаленск, бо там мы панавалі каля ста гадоў. У мяне ёсць навіна для спадара Дугіна ды яго гаспадара. Вы ніколі больш тут не будзеце кіраваць. Ні ў Кіеве, ні ў Вільні, ні ў Рызе, ні ў Таліне, ні ў Кішынёве. Адзінаццаць часавых паясоў, і вам усё яшчэ мала? Замест таго, каб фантазіраваць пра паўторнае заваяванне Варшавы, турбуйцеся аб тым, як не страціць Хайшэньвэй (назва Уладзівастоку па-кітайску — рэд.).

Міністр замежных спраў Польшчы таксама працытаваў галоўнага ідэолага Крамля Аляксандра Дугіна, які заявіў, што для Польшчы няма месца на еўразійскім кантыненце, а Расія не зацікаўленая ні ў развіцці польскай дзяржавы, ні ў існаванні Украіны.

У інтарэсах Польшчы супрацоўнічаць з ЕС у пытаннях бяспекі, лічыць Сікорскі. Аб'яднаная Еўропа з'яўляецца фундаментальным інструментам пашырэння  міру, дабрабыту і росквіту на кантыненце:

— У інтарэсах Польшчы, але таксама і ўсяго Еўрасаюза, пашырэнне абарончага патэнцыялу, завяршэнне інтэграцыі агульнага рынку, стварэнне сапраўднага энергетычнага саюза, павышэнне эфектыўнасці знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі і пашырэнне агульнай сістэмы кіравання знешнімі межамі і, вядома, выпраўленне памылак, якія здараюцца ў кожным інстытуце, створаным чалавека.

Міністр Сікорскі дадаў, што мэта Польшчы — максімальна выкарыстоўваць сваё сяброўства ў ЕС  для дасягнення нацыянальных інтарэсаў, але гэтаму перашкаджае выключна складаная сітуацыя ў Савеце. З гэтай прычыны Радаслаў Сікорскі ацэньвае сённяшні праграмны выступ перад Сеймам, як адзін з самых цяжкіх у сваёй кар’еры:

— Гэта вынікае з міжнароднай абстаноўкі, самай складанай за апошнія дзесяцігоддзі. Сёння свет становіцца непрадказальным. Вайна каля мяжы, змены ў міжнародным балансе сіл і глабальныя эканамічныя ды палітычныя крызісы азначаюць, што стабільнасць, да якой мы прывыклі ў Еўропе, разбураецца пад націскам новых выклікаў. У польскіх дамах трывога і пытанне: што будзе далей? Нам таксама пагражае расійская агрэсія?

Палякаў хвалююць пытанні, завязаныя з дачыненнямі Еўропы з ЗША і тым, ці можа Еўропа хутка палепшыць сваю абараназдольнасць. «Мы мацнейшыя дзякуючы Паўночнаатлантычнаму альянсу  і членству ў Еўрасаюзе, — аргументаваў кіраўнік МЗС, адзначыўшы, што калі б усе краіны НАТА выдзялялі на абарону 3,5% ВУП, то гэта склала б амаль 2 трыльёны долараў. Дыпламат адзначыў, што гэтая сума ў 13 разоў перавышае ваенныя выдаткі Расіі:

— Давайце правядзём такое ж мадэляванне, мяркуючы, што кожная краіна НАТА выдаткоўвае на абарону столькі ж, колькі зараз выдаткоўвае Польшча, 4,7% ВУП, што магчыма, на фоне пагроз бяспекі, якія ўзмацняюцца. Тады мы атрымалі б 2,5 трыльёны долараў, або ў 17 разоў больш, чым Расія. Гэтыя лічбы паказваюць маштаб нашага патэнцыялу і тое, што пакуль НАТА будзе эфектыўным альянсам, Расія нас не пераможа.

Міністр замежны спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі таксама параўнаў цяперашні патэнцыял усіх краін НАТО, разлічаны на сродкі, выдаткаваныя на абарону – 1,5 трлн долараў — з ваенным бюджэтам Расіі ў 145 млрд долараў.

слухайце аўдыёфайл 

эж