Беларуская Служба

Міністэрства адукацыі Польшчы рыхтуе рэвалюцыю — справа тычыцца наведвальнасці заняткаў

23.04.2025 13:46
Міністэрства нацыянальнай адукацыі анансуе змены ў правілах, якія тычацца прысутнасці вучняў на занятках. Ведамства хоча, каб не 50%, а 25% неапраўданых прагулаў у школе прыводзілі да некласіфікацыі.
Ілюстрацыйны здымакCL-Medien / Shutterstock

Цяпер вучань у польскай школе можа мець да 50% неапраўданых пропускаў і ўсё роўна перайсці ў наступны клас. Аднак Міністэрства адукацыі плануе знізіць гэты парог да 25% у год ці 50% у адзін месяц. Ведамства тлумачыць, што цяперашнія правілы «дазваляюць адсутнічаць кожны другі дзень», піша dziennik.pl.

Марэк Плесьняр з Усепольскага аб'яднання кіраўніцкіх кадраў адукацыі (OSKKO) не згаджаецца з такой аргументацыяй. Ён лічыць, што «цяперашні парог бяспечны» і перасцерагае ад легкадумных змен. «Добра было б стрымаць эмоцыі і прыгледзецца да гэтых з'яў (...). Трэба падумаць, ці сацыяльныя прычыны не супярэчаць дыдактычным прычынам. Я быў бы вельмі асцярожны», — кажа ён.

Паводле Плесьняра, вучні, якія перакрочваюць парог у 50% пропускаў, сустракаюцца рэдка. Часцей за ўсё гэта людзі ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, а не дзеці, якія выязджаюць з бацькамі на вакацыі.

Кіраўнік OSKKO таксама звяртае ўвагу на тое, што праблема адсутнасці ў школе складаная і звязваць яе выключна з легкадумным стаўленнем бацькоў да школьнага абавязку — памылка.

Ён таксама заклікае Міністэрства адукацыі пракансультавацца са спецыялістамі-практыкамі наконт змен. Ён спадзяецца, што міністэрства перад узмацненнем правілаў даведаецца меркаванне дырэктараў школ.

«У выпадку з хатнімі заданнямі нас шырока не пыталіся, што мы пра гэта думаем», — нагадвае Плесьняр пра  папярэднія рэформы.

Плесняр таксама адзначае, што найбольшай праблемай школ з'яўляюцца зусім не выезды вучняў, а хранічныя спазненні. 

Новая рэдакцыя закона аб адукацыі павінна быць прынята яшчэ да вакацый. Новыя правілы прадугледжваюць, між іншым, што перавышэнне 25% неапраўданых пропускаў у год аўтаматычна пацягне выключэнне вучня з атэстацыі без магчымасці здачы класіфікацыйнага экзамену.

Міністэрства адукацыі таксама плануе ўвесці ясныя правілы апраўдання пропускаў. Яны па-ранейшаму будуць вызначацца статутамі школ, але з абавязковым указаннем прычыны адсутнасці.

вх