Беларуская Служба

Віцэ-прэм'ер Касіняк-Камыш: Найбольш абмежавальную міграцыйную палітыку сёння праводзіць Польшча

24.04.2025 17:46
Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў, што ў Польшчы цяпер адна з самых жорсткіх міграцыйных палітык у Еўропе.
Granica polsko-białoruska, woj. podlaskie
Granica polsko-białoruska, woj. podlaskieWojciech Olkuśnik/East News

Намеснік старшыні ўраду адказаў у Сейме на закіды апазіцыі наконт увозу нелегальных мігрантаў з Германіі ў Польшчу.

Уладзіслаў Касіняк-Камыш у адказ заявіў, што Польшча цяпер узор для іншых еўрапейскіх краін пасля таго, як прыпынілі магчымасць падачы заявак на прытулак.

«У вас не хапіла смеласці ўвесці такія радыкальныя, жорсткія абмежаванні на міграцыю ў Польшчу. Мы згарнулі выдачу віз на базарах. Консульствам далі выразныя і дакладныя ўказанні, як дзейнічаць. Вы прывялі да сітуацыі, калі ў Польшчу можна было бескантрольна ўязджаць», — заявіў Касіняк-Камыш.

Віцэ-прэм'ер дадаў, што цяперашняя ўлада таксама закрыла ўсходнюю мяжу. «Гэта было добрае рашэнне пабудаваць агароджу, але яна была дзіраваю. Калі б не было нашых урадаў і ўшчыльнення, немагчыма было б праводзіць такі строгі памежны кантроль, які нам удалося зрабіць, за што адказваюць міністр Сямоняк і Памежная ахова», — тлумачыць ён.

Агароджа на польска-беларускім памежжы была пабудаваная ў чэрвені 2022 года.

IAR/вх