Беларуская Служба

«Мы знайшлі залатую сярэдзіну» — у Польшчы працуюць над законам аб партнёрскіх адносінах

25.04.2025 06:50
Праекты законаў аб зарэгістраваных партнёрскіх адносінах і аб увядзенні партнёрскіх адносін трапілі на разгляд пастаяннага камітэта Савета Міністраў. Законы прайшлі змены, і ў працу над імі ўцягнутыя многія ведамствы.
Illustrative picture.
Illustrative picture.Michael Traitov/Shutterstock.com

Пастаянны камітэт Савета Міністраў пачаў працэдуру разгляду праектаў закона аб зарэгістраваных партнёрскіх адносінах і закона аб увядзенні партнёрскіх адносін. У сувязі з блокам галасаванняў у Сейме пасяджэнне было перапынена. Як паведаміла міністр па пытаннях роўнасці Катажына Катула, працяг запланаваны на 30 красавіка.

«Крок за крокам мы набліжаемся да мэты. Я спадзяюся, што пастаянны камітэт прыме гэтыя законы. Наступным этапам і адначасова апошнім перад пасяджэннем Савета Міністраў будзе юрыдычная камісія», — паведаміла міністр па пытаннях роўнасці Катажына Катула.

Як яна дадала, у працу над праектамі ўцягнутыя многія ведамствы: юстыцыі, унутраных спраў і адміністрацыі, сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі, замежных спраў, а таксама фінансаў. Дзякуючы ўнесеным імі заўвагам у законах з'явіліся папраўкі, якія тычацца заключэння і скасавання партнёрскіх адносін.

«Гэтыя заўвагі былі розныя: адны казалі, што гэта павінна быць інстытуцыя бліжэй да шлюбу, а іншыя, што далей. Мы знайшлі залатую сярэдзіну: партнёрскія адносіны будуць рэгістравацца ў аддзеле актаў грамадзянскага стану, дзе таксама можна будзе скасаваць адносіны, пры ўмове, што ў іх не будзе дзяцей. У іншым выпадку або пры адсутнасці згоды паміж партнёрамі, рашэнне прыме суд, — патлумачыла Катула. — Мы ўдакладнілі гэтыя палажэнні, каб адпрэчыць абвінавачванні ў магчымых злоўжываннях».

У першапачатковым праекце закона для скасавання партнёрскіх адносін было дастаткова заявы аднаго з бакоў, якая магла быць дастаўлена другому боку поштай.

Таксама былі ўдакладнены пытанні, якія тычацца так званай малой апекі, гэта значыць ажыццяўлення бягучай апекі над дзіцём партнёра — біялагічнага бацькі ці маці.

«Усё больш дзяцей выхоўваецца ў неафіцыйных адносінах. Партнёр або партнёрка біялагічнага бацькі ці маці ўдзельнічаюць у выхаванні, часта пакрываюць звязаныя з гэтым выдаткі. Да гэтага часу сітуацыя дзяцей у такіх сем'ях не была ўрэгулявана юрыдычна. Наш закон гэта зменіць. Важныя жыццёвыя рашэнні па-ранейшаму зможа прымаць толькі біялагічны бацька ці маці, але асоба, якая знаходзіцца з ім у партнёрскіх адносінах, зможа пайсці з дзіцем да ўрача-спецыяліста або забраць яго з экскурсіі — прымаць удзел у паўсядзённым жыцці», — сказала міністр.

Яна адзначыла, што гэтае рашэнне — пры ўмове адсутнасці пярэчанняў з боку біялагічнага бацькі ці маці — рэкамендавана Камісіяй еўрапейскага сямейнага права.

Таксама ў чацвер Еўрапейскі суд па правах чалавека вынес чарговае рашэнне, у якім падкрэсліў, што Польшча як дзяржава-член ЕС абавязана забяспечыць прававыя рамкі, якія дазваляюць парам аднаго полу атрымаць адпаведнае прызнанне і абарону іх адносін. Суд звярнуў увагу на тое, што «ў Польшчы пары аднаго полу, у выпадку адсутнасці афіцыйнага прызнання, з'яўляюцца толькі фактычнымі адносінамі, нават калі (...) быў заключаны сапраўдны шлюб за мяжой».

«Наш закон з'яўляецца выкананнем рашэнняў Суда, але таксама адказам на сацыяльныя змены, якія адбываюцца: колькасць заключаемых шлюбаў зніжаецца. Таму мы зацікаўлены ў тым, каб інстытут партнёрскіх адносін быў трывалым, меў добрыя асновы і служыў як аднаполым парам, так і гетэрасексуальным парам», — заявіла Катажына Катула.

Праекты закона аб зарэгістраваных партнёрскіх адносінах і закона аб увядзенні партнёрскіх адносін былі апублікаваны на сайтах Урадавага цэнтра заканадаўства ў кастрычніку мінулага года. Яны прадугледжваюць унясенне змяненняў у больш чым 200 дзеючых у цяперашні час законаў. Асобы, якія заключаць партнёрскія адносіны — як аднаго, так і рознага полу — змогуць прыняць агульнае прозвішча, разлічвацца разам у падатковай інспекцыі, атрымаюць таксама права на медыцынскую інфармацыю адзін пра аднаго, спадчыну пасля адзін аднаго і пахаванне партнёра. У ходзе ранейшых грамадскіх кансультацый і міжведамасных узгадненняў да праектаў было ўнесена больш за 6 тысяч заўваг.

PAP/вх