Еўракамісар адзначыў, што сітуацыя на польска-беларускай мяжы — гэта еўрапейская праблема, і запэўніў у фінансавай падтрымцы ЕС.
Томаш Семаняк і Магнус Брунер наведалі закрыты памежны пункт у Палоўцах (Падляшша) і ўчастак польска-беларускай мяжы каля гэтага пункта, дзе стаіць сталёвая загарода і дзейнічае таксама электронны бар'ер.
«Маем справу з варожымі дзеяннямі супраць Польшчы і ЕС (з боку) рэжыму Лукашэнкі, які інструментальна выкарыстоўвае невінаватых людзей, якія спрабуюць прабіцца да лепшага жыцця, часта плацячы кантрабандыстам людзей за гэтую магчымасць», — сказаў Семаняк на брыфінгу, які завяршаў гэты візіт.
Ён запэўніў, што дзеянні па ўзмацненні аховы мяжы з Беларуссю праводзяцца для таго, каб не толькі грамадзяне Польшчы, але і краін Еўрапейскага Саюза «адчувалі сябе ў бяспецы». Ён нагадаў, што некалькі месяцаў таму Еўрапейская камісія ахарактарызавала сітуацыю на польска-беларускай мяжы як «інструменталізацыю міграцыі» і яе «ўжыванне як зброі», гэта значыць выкарыстанне мігрантаў як зброі.
Камісар Магнус Брунер падкрэсліў, што сітуацыя на гэтай мяжы — гэта не толькі праблема Польшчы, але і еўрапейская праблема. Ён падзякаваў польскай памежнай службе за яе службу ў ахове мяжы Польшчы, адначасова знешняй мяжы ЕС.
«Мы ўсе ведаем, на што здольная Расія і яе саюзнік Беларусь. Цынізм і цынічныя паводзіны — гэта толькі адно з азначэнняў, якім можна апісаць такія дзеянні», — падкрэсліў Еўракамісар на польска-беларускай мяжы.
PAP/вх