Беларуская Служба

Памежная служба адмовіла 16 мігрантам у прыняцці заяваў аб абароне, дзве заявы прыняла

26.04.2025 11:06
Мінае месяц з пачатку дзеяння на дзяржаўнай мяжы з Беларуссю распараджэння аб часовым абмежаванні права на падачу заявы аб прадастаўленні міжнароднай абароны. Яно будзе дзейнічаць 60 дзён.
  -
Увесь участак польска-беларускай мяжы ў Падляшскім ваяводстве Польшчы абсталяваны сучасным маніторынгамX/Straż Graniczna

У Падляшскім аддзеле памежнай службы за апошнія чатыры тыдні адмовілі ў прыняцці заяваў аб міжнароднай абароне 16 мігрантам, якія нелегальна перасеклі польска-беларускую мяжу, дзве заявы прынялі з-за стану здароўя замежнікаў, паведаміла прэс-сакратар Памежнай службы маёр Катажына Здановіч.

Памежная служба, нягледзячы на абмежаванні, будзе прымаць такія заявы ад непаўналетніх без апекі, цяжарных жанчын і ад асоб, якія могуць патрабаваць асаблівага стаўлення, асабліва з-за іх узросту ці стану здароўя.

Прэс-сакратар Падляшскага аддзела Памежнай службы маёр Катажына Здановіч паведаміла, што з пачатку дзеяння распараджэння было адмоўлена ў прыняцці заяваў аб міжнароднай абароне 16 замежнікам, якія нелегальна перасеклі польска-беларускую мяжу на Падляшшы.

Гэта мігранты, затрыманыя ў раёнах Белавежы, Міхалова, Баброўнікаў і Мельніка, якія паходзяць з Афганістана, Ірака, Украіны, Сірыі, Самалі, Эрытрэі, Малі, Эфіопіі. Здановіч раней казала, што ў адпаведнасці з правіламі асобы, ад якіх не прымаюцца заявы, атрымліваюць пастановы аб пакіданні тэрыторыі краіны.

За гэты час Памежная служба прыняла заявы аб міжнароднай абароне ад двух замежнікаў, грамадзян Эрытрэі і Судана. «Дзве асобы, ад якіх былі прыняты заявы, належалі да групы ўразлівых асоб, пералічаных у законе. Яны патрабавалі асаблівага стаўлення з-за стану здароўя», — сказала Здановіч. Яна адзначыла, што іх стан здароўя быў ацэнены як дрэнны.

З пачатку года Падляшскі аддзел Памежнай службы зафіксаваў каля 5,4 тысячы спроб нелегальнага перасячэння мяжы з Беларусі ў Польшчу, з якіх з пачатку красавіка каля 1,8 тысячы спроб. Як падсумавала Здановіч, у апошні час зменшылася штодзённая колькасць спроб перасячэння мяжы, але, як яна падкрэсліла, «цяжка што-небудзь прадказаць», бо сітуацыя можа змяніцца з дня на дзень.

Падляшскі аддзел Памежнай службы адказвае за ахову 247 км мяжы з Беларуссю. Увесь гэты ўчастак мяжы ахоплены маніторынгам. На 186 км лініі гэтай мяжы пастаўлены так званы фізічны бар'ер (агароджа) вышынёй 5,5 м, а яго дапаўненнем з'яўляецца электронны бар'ер, які ахоплівае таксама рэкі Свіслач і Істачанку.

PAP/вх