Расце колькасць пратэстаў, звязаных з выбарамі прэзідэнта Польшчы. Нагадаем, другі тур адбыўся першага чэрвеня, на ім перамог Караль Наўроцкі з Рафалам Тшаскоўскім. Розніца ў выніках была меншая за 400 тыс. галасоў.
На дадзены момант пададзена каля 1400 скаргаў. Іх можна падаваць у Вярхоўны суд да 16:00. Прэс-сакратар суда Аляксандр Стэнпкоўскі (Aleksander Stępkowski) чакае падобнага маштабу пратэстаў, як і ў 2020 годзе. Скаргі тычацца, між іншым, цяжкасцяў з галасаваннем.
— Паступілі звесткі, што Пошта павінна прывезці нам 15 мяшкоў са скаргамі. Гэта агулам 3 тысячы пратэстаў. Так што мы набліжаемся да падобнай лічбы, як у 2020 годзе, калі паступіла амаль 5900 скаргаў. Здараюцца сітуацыі, калі хтосьці не мог прагаласаваць, паколькі ў яго падчас першага тура забралі не тое пасведчанне, якое трэба. Такую скаргу суд бярэ пад увагу. Але шмат скаргаў з агульнымі разважаннямі, у якіх хтосьці дзеліцца сваімі думкамі, што было шмат парушэнняў.
Выбарчы камітэт Рафала Тшаскоўскага сёння падасць пратэст супраць выбараў у Вярхоўны суд. Член штаба кандыдата ад Грамадзянскай кааліцыі, дэпутат ад гэтай групоўкі Цэзары Томчык заявіў, што яны кіраваліся аналізам выбараў з 31 627 выбарчых камісій па ўсёй Польшчы.
Дэпутат Еўрапарламента ад Грамадзянскай кааліцыі Дарыюш Ёнскі згодны з тэзісам, што пратэсты супраць выбараў, пададзеныя ў Вярхоўны суд, могуць змяніць вынікі выбараў.
У адказ на пратэсты выбаршчыкаў Вярхоўны суд вырашыў праверыць пратаколы другога тура прэзідэнцкіх выбараў у 13 камісіях. Пералік галасоў адбудзецца ў асобных камісіях у Кракаве, Гданьску і Мінску-Мазавецкім.
IAR/нг