91 год таму прэзідэнт Польшчы выдаў распараджэнне аб стварэнні ў палескім гарадку Бяроза-Картузская ізаляцыйнага лагеру. У лагер «на перавыхаванне» траплялі «ворагі польскай дзяржавы», як зазначалася ў афіцыйных дакументах і праўладным друку, у тым ліку і беларусы. У гістарычнай рубрыцы сёння мы раскажам пра чорную старонку ў гісторыі Польшчы.
15 чэрвеня 1934 года ў самым цэнтры Варшавы прагучалі стрэлы: член Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў Рыгор Мацэйка застрэліў міністра ўнутраных спраў Польшчы Браніслава Пярацкага. А ўжо праз два дні, 17 чэрвеня, прэзідэнт краіны Ігнацы Масціцкі выдаў распараджэнне аб стварэнні лагера ў Бярозе-Картузскай (ужываецца таксама назва Картуз-Бяроза – рэд.) у Палескім ваяводстве тагачаснай Польшчы. Ініцыятарам арганізацыі выступіў прэм’ер-міністр Леон Казлоўскі, а ідэю падтрымаў маршал Юзэф Пілсудскі, які быў нефармальным кіраўніком краіны. Лагер быў створаны ў былых царскіх казармах.
Першыя вязні трапілі ў Картуз-Бярозу вельмі хутка, бо ўжо 7 ліпеня. Гэта былі дзевяць чалавек – польскія і ўкраінскія нацыяналісты, якія падазраваліся ва ўдзелу ў замаху на міністра Пярацкага, бо менавіта яго смерць стала фармальнай прычынай стварэння лагеру.
Кіраўніцтва і ахоўнікі лагеру. Грамадскі набытак
У Бярозу траплялі без суда і следства. Ізалявалі тых, каму паліцыя не магла даказаць парушэнне закона. Самай буйной групай вязняў былі палітзняволеныя: польскія, украінскія і беларускія нацыяналісты, польскія сацыялісты і камуністы, а таксама яўрэйскія і беларускія камуністы. Пазней у лагер таксама траплялі крымінальнікі. Прычым, каб накіраваць чалавека ў Бярозу, хапала падазрэння, што ён парушае бяспеку і грамадкі парадак. Напрыклад, член Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі Язэп Баран трапіў у Картуз-Бярозу толькі за тое, што адкрыта казаў пра вызваленне Савецкім Саюзам Заходняй Беларусі.
Дарэчы, стварэнне лагеру і накіраванне ў яго грамадзян было парушэннем тагачаснай польскай Канстытуцыі, бо вязня ў Бярозу адпраўлялі не па пастанове суда, а на моцы рашэння дзяржаўнага органа.
Месца арганізацыі ізаляцыйнага лагеру – невыпадковае, бо ў той час беларускае Палессе было маланаселеным рэгіёнам, а большую яго частку пакрывалі лясы і балоты. Дарог амаль не было. Гэта было ідэальнае месца для ізаляцыі, бо ўцячы адтуль было амаль немагчыма.
На «перавыхаванне» вязня адводзіліся тры месяцы, але пры неабходнасці тэрмін можна было прадаўжаць бясконца. Самы доўгі тэрмін ізаляцыі ў Бярозе склаў 2,5 гады.
Але нават тры месяцы ў страшэнных умовах ператваралі жыццё чалавека ў пекла. Кожны лагерны дзень быў поўны насілля, катаванняў і здзекаў. «Выхаванне» заключалася ў тым, што пасля выхаду з лагеру былы вязень не тое, што вёў бы антыдзяржаўную дзейнасць, а нават баяўся б падумаць пра гэта.
Руіны аднаго з лагерных будынкаў. Крыніца: commons.wikimedia.org/Aleksandrs Čaičics/грамадскі набытак
Паводле выбітнага польскага гісторыка, прафесара Паўла Вечаркевіча (архіўны запіс Польскага радыё – рэд.), лагер быў створаны, бо такія былі часы, а дзяржаве трэба было бараніцца ад тэрарыстаў і крымінальнікаў.
- Трэба сказаць шчыра, што Бяроза была лёгкім варыянтам савецкага лагеру і нямецкага канцлагеру. Над вязнямі ў Картуз-Бярозе здзекаваліся, іх білі, прымушалі выконваць бессэнсоўную працу, як, напрыклад, пераносіць камяні з адной кучы ў іншую. Лагер павінен быў зламаць чалавека, яго характар, але, хачу зазначыць – зламаць чалавека, не забіць яго. Гэта быў час, калі ў Савецкім Саюзе за іншыя погляды чалавек атрымліваў кулю ў лоб. Гэта быў час, калі савецкі метад расправы з праціўнікамі пачаў выкарыстоўваць Адольф Гітлер. У Польшчы гэтага не было. А тое, што быў такі лагер для тэрарыстаў, а пазней крымінальнікаў... Ну, што ж, такі быў час, а дзяржава павінна была бараніцца ад тэрарыстычнай пагрозы.
У савецкіх крыніцах лагер называўся «канцэнтрацыйным», а яго існаванне лічылася сведчаннем «фашысцкай» сутнасці санацыйнага рэжыму. Частка сучасных польскіх і замежных гісторыкаў лічыць, што лагер у Бярозе-Картускай быў канцэнтрацыйным, а яго ўзорам стаў створаны ў 1933 годзе нямецкі канцлагер «Дахаў», дзе да 1939 года людзей не знішчалі, а «перавыхоўвалі».
Дзень вязня пачынаўся а 4.00 раніцы. Адводзілася пару хвілін на тое, каб абліцца вадою і апрануцца. Затым прыборка і снеданне, на якое вязень атрымліваў збожжавую каву без цукру і 400 г чорнага хлеба. На абед давалі гарачую вадкасць, амаль без тлушчу, і порцыю бульбы.
Ужо а 6.30 вязні пачыналі працу альбо ранішнюю гімнастыку. З перапынкамі на абед і вячэру дзень працягваўся да 19.15. Пасля гэтага абвяшчаўся адбой. Правілы забаранялі вязням размаўляць, курыць і атрымліваць пасылкі з прадуктамі. Сустрэчы з блізкімі і любыя самастойныя дзеянні жорстка забараняліся і караліся. Вельмі часта праводзіліся начныя вобшукі. Нават каб пайсці ў туалет альбо каб пачухаць нос трэба было прасіць дазвол у ахоўніка.
Зачыненая крама яўрэйскага купца Х. Манхаймера, які падазраваўся ў спекуляцыі. «Спекулянт паехаў у Бярозу» – напісана на краме. Крыніца:Narodowe Archiwum Państwowe
Лазня прадугледжвалася раз на тыдзень, а на 300 вязняў адводзіліся дзве бочкі вады.
Над людзьмі нават здзекаваліся падчас наведвання прыбіральні. Гэта можна было рабіць толькі раз у суткі, раніцай: 20 чалавек ставілі ў памяшканні з бетоннай падлогай, і па загадзе кожны з іх павінен быў зняць порткі, апаражніцца і апрануцца. На ўсё адводзілася некалькі секунд. Пасля гэтага людзі хадзілі неспаражнёныя, што было пакутліва, асабліва падчас шматгадзіннай гімнастыкі.
Бялізну мянялі раз на шэсць тыдняў, вокны ў камерах былі забітыя дошкамі, у выніку чаго ў памяшканнях стаяў невыносны смурод. Усё рабілася бягом: нават на абед ці ў туалет вязні былі вымушаныя бегчы па камандзе.
Вязняў запрагалі замест коней, каб вазіць драўніну, камяні і гной. Зняволеныя цягалі нават барану і плуг. Ва ўспамінах згадваецца, як аднаму яўрэю ахоўнікі загадалі вуснамі збіраць аскепкі разбітай цэглы з зямлі. Пазней паліцэйскі запрог яго як каня і прымусіў пампаваць ваду са студні.
Вязняў таксама прымушалі рабіць угнаенне з чалавечых фекаліяў голымі рукамі. Здаралася, што пасля гэтага іх прымушалі класціся ў гэты гной і паўзці па ім.
Лагер у Картуз-Бярозе. Грамадскі набытак
«Пачуццё чалавечай годнасці тут пачварна тапталася. Праблема была не ў тым, што ў Бярозе білі, а ў тым, што білі без нянавісці, без эмацыйнай заангажаванасці», – згадваў пасля вызвалення з Бярозы ўкраінскі пісьменнік Аляксандр Гаўрылюк.
У Картуз-Бярозе была «сцежка Сталіна». У 1938 годзе вузкую дарожку працягласцю ў 30 м на лагернай пляцоўцы засыпалі бітай чырвонай цэглай і прымушалі вязняў хадзіць па ёй на каленях. Пасля каманды «лажыся» паліцыянты хадзілі па спінах зняволеных, а яны ляжалі на жываце на колатай цэгле.
За сур’ёзныя правіны вязняў садзілі ў карцар. Гэта было пустое памяшканне, толькі з вядром для фізіялагічных патрэб. Вязні спалі на бетоне, які часта, у тым ліку зімой, палівалі вадой.
Рабочы Маляровіч з Вільні пасля некалькіх месяцаў у карцары звар’яцеў. У 1937 годзе пад ціскам грамадскасці яго вызвалілі.
Крыніца: Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей
Здаралася, што вязням удавалася паскардзіцца на паводзіны ахоўнікаў начальству і гэтыя скаргі былі задаволеныя. Паліцэйскіх-садыстаў каралі альбо пераводзілі на службу ў іншае месца.
На момант стварэння лагера ахова складалася з прыкладна 60 паліцэйскіх ва ўзросце 25-35 гадоў.
Значную частку аховы складалі паліцэйскія, якіх за правіны накіроўвалі сюды на «выпраўленне» з іншых рэгіёнаў Польшчы. Яны жылі побач на тэрыторыі лагера, без сем’яў. У студзені 1939 на 502 вязняў прыходзіўся 131 паліцэйскі.
Зрэшты, умовы службы ў лагеры вельмі кепска ўплывалі на псіхалагічны стан аховы. Трое паліцэйскіх здзейснілі самагубства ў выніку разладу псіхікі.
Камендантам лагеру цягам пяці гадоў быў падінспектар (маёр-рэд.) паліцыі Юзэф Камаля-Курганскі. За службу ў Бярозе-Картузскай ён быў узнагароджаны Афіцэрскім крыжам Ордэну адраджэння Польшчы. У студзені 1941 годзе ён трапіў у нямецкі канцлагер «Аўшвіц», дзе памёр у кастрычніку таго ж года. Паводле афіцыйнай версіі, прычынай смерці стала хвароба страўніка, паводле ж неафіцыйнай, Камалю-Курганскага забілі самі вязні, якія даведаліся, дзе ён служыў да вайны.
Юзэф Камаля-Курганскі ў канцлагеры «Аўшвіц». Крыніца: Archiwum Państwowego Muzeum Auschwitz-Birkenau
Выйсці з лагеру можна было пасля падпісання дакументу аб лаяльнасці да польскай дзяржавы альбо пасля абяцання пакінуць краіну.
Вядомы толькі адзін выпадак, калі вязню ўдалося ўцячы з Картуз-Бярозы.
Палешукам забаранялася мець якія-колечы кантакты з вязнямі. За дапамогу ці нават размову можна было самому трапіць у лагер.
Супраць функцыянавання люгеру частка польскага насельніцтва пратэставала, але да іх голасу ўлада не прыслухоўвалася.
У верасні 1939 года, калі немцы напалі на Польшчу, у Бярозу прыбылі апошнія вязні – каля тысячы чалавек. Апрача крымінальнікаў, там былі немцы, якіх палякі падазравалі ў шпіянажы.
Апошнія вязні Бярозы-Картузскай выйшлі на свабоду пасля прыходу саветаў 17 верасня. Але афіцыйнае распараджэнне прэзідэнта, на моцы якога быў створаны лагер, польскі ўрад у выгнанні адмяніў толькі ў верасні 1941 года.
Ад стварэння лагера ў 1934 годзе да канца жніўня 1939 года праз Картуз-Бярозу прайшло больш за 3 тыс. чалавек. 13 чалавек памерлі ад хваробаў.
За пяць гадоў функцыянавання лагеру беларусы склалі ў ім каля 6% – прыблізна 150 чалавек.
Лагер у Картуз-Бярозе – чорная старонка ў гісторыі Польшчы. Галоўнае – асэнсаваць цяжкае, сарамлівае мінулае і яго не скрываць, не баяцца пра гэта казаць. У Польшчы гавораць пра цёмныя старонкі сваёй гісторыі і іх не адбельваюць, у адрозненні ад іншых краін, дзе гісторыя пішацца пад актуальную грамадска-палітычную сітуацыю.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл