Беларуская Служба

Прэм’ер Дональд Туск: Утрымаць кааліцыю цяжка, але магчыма

05.07.2025 11:23
Учора кіраўнікі партый, што ўваходзяць у кіруючую кааліцыю, сустрэліся для абмеркавання зменаў у складзе Кабінета міністраў.
  .
Прэм'ер Польшчы Д. Туск PAP/Radek Pietruszka

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск абвясціў пра намер захаваць кіруючую кааліцыю, правесці рэканструкцыю ўрада і распрацаваць стратэгію палітычнага наступу пасля паразы на прэзідэнцкіх выбарах.

«Як бачыце, утрыманне кааліцыі — задача няпростая, але цалкам рэальная. Тое ж датычыцца рэканструкцыі ўрада і ўзгаднення стратэгіі, якая дазволіць перайсці ў палітычны наступ пасля паразы на прэзідэнцкіх выбарах. Гэта патрабуе мужнасці і лаяльнасці. Нягледзячы на вядомыя вам цяжкасці, я выканаю гэта заданне», — напісаў кіраўнік урада ў сацыяльнай сетцы X.

Паводле інфармацыі з урадавых колаў, учора кіраўнікі партый, што ўваходзяць у кіруючую кааліцыю, сустрэліся для абмеркавання зменаў у складзе Кабінета міністраў. Дональд Туск прадставіў праект новай структуры ўрада. Паводле планаў, змены будуць праведзены ў сярэдзіне ліпеня.

Увагу СМІ прыцягнула сустрэча лідара руху «Польшча 2050», старшыні Сейма Польшчы Шымона Халоўні з прадстаўнікамі апазіцыйнай «Права і Справядлівасці» і ўрадавай Польскай сялянскай партыі ў кватэры еўрадэпутата Адама Беляна — аднаго з сябраў штаба новаабранага прэзідэнта Караля Наўроцкага. Шымон Халоўня патлумачыў, што як маршалак Сейма рэгулярна праводзіць сустрэчы з палітыкамі як з апазіцыі, так і з кааліцыі.

«Часам размова ідзе пра важныя для апазіцыі законапраекты, іншы раз — пра бягучую сітуацыю, у тым ліку ў кантэксце адносін з ЗША. Так было і гэтым разам», — дадаў старшыня Сейма Польшчы.

IAR/эж