Беларуская Служба

Старшыня Сейму: Выдаткі на абарону складаюць львіную долю бюджэту на 2026 год

07.10.2025 17:02
Сродкі, выдзеленыя на абарону, складуць болей за 200 млрд злотых (47 млрд еўра) і  гэта «львіная доля бюджэту».
 .
Ілюстрацыйнае фота.facebook.com/MinisterstwoObrony

Выдаткі на абарону зноў будуць рэкорднымі, вынікае з праекта бюджэту  Польшчы на наступны год. Працы над дакументам дэпутаты пачынаюць на сесіі, якая адкрываецца ў аўторак, 7 кастрычніка.

Старшыня Сейму Шымон Галоўня звяртае ўвагу, што сродкі, выдзеленыя на абарону, складуць болей за 200 млрд злотых (47 млрд еўра) і  гэта «львіная доля бюджэту»:

«Вялізная пазіцыя, вялізнае абцяжарванне, але таксама глядзім на гэта ў катэгорыях інвестыцый, якія можна зрабіць за гэтыя грошы. Як можна будзе разгарнуць польскую прамысловасць, польскія інавацыі. Польшча сёння, дзякуючы гэтым выдаткам на ўзбраенне і дзякуючы болей як 40 млрд еўра, якія мы атрымаем з механізму SAFE, з’яўляецца безумоўным лідарам у гэтым новым трэндзе ў Еўропе», заявіў старшыня Сейму Польшчы. 

Праект бюджэту на наступны год прадугледжвае выдаткі амаль 919 мільярдаў злотых, даходы крыху больш за 647 млрд (152 млрд еўра), а дэфіцыт не перавысіць 272 млрд злотых. Прагноз росту ВУП — 3,5 %, сярэднегадавая інфляцыя — 3 %. Дыскусія запланавана на 9 кастрычніка.

iar/эж