Варшава не атрымлівала інфармацыі пра скарачэнне амерыканскага вайсковага кантынгенту ў Польшчы, — запэўніў віцепрэм’ер і міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш, рэагуючы на афіцыйную заяву адміністрацыі ЗША пра вывад амерыканскай брыгады з Румыніі.
Кіраўнік Міністэрства абароны падкрэсліў, што Польшча і ЗША застаюцца надзейнымі саюзнікамі, а амерыканцы з’яўляюцца ключавым элементам сістэмы бяспекі краін НАТА:
«Польшча і ЗША — жалезныя саюзнікі, мы можам на іх разлічваць. ЗША — аснова НАТА, і няма НАТА без Злучаных Штатаў. Тыя, хто лічыць, што еўрапейскую бяспеку можна будаваць інакш, памыляюцца — яна грунтуецца на трансатлантычным прынцыпе. Гэта філасофія саюзу: няма НАТА без Еўропы, няма НАТА без Злучаных Штатаў», — заявіў Касіняк-Камыш.
Амерыканская брыгада больш не будзе ратацыйна знаходзіцца на тэрыторыі Румыніі. Іншыя краіны альянсу маюць намер замяніць там амерыканцаў.
Да гэтага часу амерыканскія вайскоўцы дыслакаваліся на базе і Аэрадроме імя Міхаіла Кагалнічану каля Канстанцы на беразе Чорнага мора. Гэта стратэгічна важны аб’ект, які размешчаны прыкладна за сто кіламетраў ад мяжы з Украінай і ад украінскіх дунайскіх партоў. Там таксама базуюцца румынскія самалёты F-16 і падраздзяленні іншых саюзніцкіх войскаў.
Паводле інфармацыі Міністэрства абароны Румыніі, амерыканская брыгада будзе заменена павелічэннем прысутнасці войскаў іншых краін НАТА ў ключавых дзяржавах усходняга флангу, у тым ліку ў Румыніі. Вайсковыя падраздзяленні гэтай брыгады раней таксама дзейнічалі ў Балгарыі, Славакіі і Венгрыі.
iar/эж