Польшча можа стаць газавым хабам для Славакіі, калі Браціслава будзе закупляць паліва ў Злучаных Штатах. Пра гэта заявіў прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі падчас афіцыйнага візіту ў Браціславу. Гэтая тэма стала адной з галоўных падчас яго перамоў з прэзідэнтам Славакіі Петэрам Пелегрыні (Peter Pellegrini).
— У Польшчы ёсць тэрмінал у Свінавуйсці. Я спадзяюся, што неўзабаве закончыцца будаўніцтва плаваючага тэрміналу ў Балтыйскім моры. У нас са Славакіяй ёсць інтэрканектар. У сувязі з гэтым перад намі, перад краінамі Цэнтральна-Усходняй Еўропы, стаіць вялікая задача, якую мы, як казаў спадар прэзідэнт, павінны вырашыць разам. Гэта значыць, як стаць незалежнымі ад расійскага газу, — заявіў Караль Наўроцкі.
Прэзідэнт Славакіі прызнаў, што яго краіна мае праблемы з энергетычнай незалежнасцю, і з цікавасцю ўспрыняў прапанову польскага боку аб супрацоўніцтве пры пастаўках таннага звадкаванага газу з ЗША з выкарыстаннем сумесных польска-славацкіх інфраструктурных магістраляў.
— Таму вельмі пазітыўна ацэньваю прапанову прэзідэнта і дзеянні польскага ўраду, каб пры транспарціроўцы газу ў Славакію выкарыстоўваць нашы агульныя ўстаноўкі. Вядома, такая прапанова павінна быць пры разумнай цане і з прымальнымі транзітнымі зборамі, — адзначыў Петэр Пелегрыні.
Польшчу і Славакію злучае двухбаковы газавы інтэрканектар, адкрыты напрыканцы жніўня 2022 года. Гэта 164-кіламетровая магістраль, якая дазваляе пастаўкі газу ў абодвух напрамках. Па польскім баку праект рэалізавала кампанія Gaz-System, па славацкім — Eustream. Трубаправод злучае вузел у Страхоціне з кампрэсарнай станцыяй Вялікія Капусаны.
IAR/нг