Беларуская Служба

Польшча выслала чырвонае апавяшчэнне Інтэрпала ў дачыненні да падазраваных у дыверсіі на чыгунцы

07.12.2025 19:03
Пасля здзейсненага злачынства падазраваныя ўцяклі з Польшчы ў Беларусь. 
Міжнародная арганізацыя крымінальнай паліцыі Інтэрпал Фота: Shutterstock.com/HUANG Zheng

Польскія праваахоўныя органы накіравалі ў штаб-кватэру Інтэрпала ў Ліён гэтак званае чырвонае апавяшчэнне ў дачыненні да двух грамадзян Украіны – Яўгена Іванова і Аляксандра Конанава. Абодва мужчыны падазраюцца ў шпіянажы і здзяйсненні злачынства тэрарыстычнага характару, звязанага з дыверсіямі на польскай чыгунцы.

Паводле польскіх праваахоўных органаў, пасля злачынства Іваноў і Конанаў уцяклі з Польшчы ў Беларусь. У адносінах да абодвух ужо выдадзены еўрапейскі ордэр на арышт, аднак чырвонае апавяшчэнне дазволіць іх пераследаваць ва ўсім свеце, гаворыць прэс-сакратар Галоўнага ўпраўлення паліцыі Польшчы інспектар (палкоўнік – рэд.) Катажына Новак.

- Чырвонае апавяшчэнне Інтэрпала дазваляе праводзіць пошук людзей, якія скрываюцца ад праваахоўных органаў, амаль у 200 краінах свету. Гэта азначае, што ў выпадку затрымання падазраваных, якіх шукае Польшча, на тэрыторыі адной з гэтых краін, яе ўлады паведамяць польскаму боку. Гэта дазволіць экстрадаваць падазраваных у Польшчу і прыцягнуць іх да адказнасці за злачынствы, у якіх іх абвінавачвае пракуратура.

Серыя сабатажных дзеянняў адбылася 15 і 16 лістапада на чыгуначнай лініі Варшава – Люблін. У выніку выбухаў было пашкоджанае чыгуначнае палатно, што стварыла пагрозу катастрофы на транспарце.

Паводле польскай пракуратуры, дыверсіі былі здзейсненыя па заданні расійскай разведкі і былі накіраваныя супраць Польшчы як дзяржавы-члена ЕС і НАТА. Следчыя кваліфікуюць дзеянні абвінавачаных як сабатаж на карысць замежнай разведкі, выкарыстанне выбуховых матэрыялаў і стварэнне пагрозы катастрофы.

Польскае заканадаўства за падобныя злачынствы, звязаныя з тэрарызмам і дзеяннямі ў інтарэсах замежнай разведкі, прадугледжвае пакаранне ажно да пажыццёвага зняволення.

вс