Супрацоўнікі паліцыі раней заяўлялі, што не адпавядае рэчаіснасці тое, што 12-гадовая дзяўчынка, затрыманая ў сувязі з забойствам 11-гадовай школьніцы, нібыта з'яўляецца грамадзянкай Украіны.
«У сувязі з трагічным інцыдэнтам у Яленяй Гуры, у выніку якога загінула 11-гадовая дзяўчынка, у інтэрнэце зʼявілася вялікая колькасць ілжывай інфармацыі. Іх мэта зразумелая – наўмысная дэзынфармацыя і наўмыснае распальванне нянавісці і варожасці, у тым ліку на нацыянальнай глебе, паміж Польшчай і Украінай», – заявіла паліцыя Ніжняй Сілезіі ў паведамленні на платформе X.
«Супраць гэтых асоб прымаюцца меры. Падчас аперацыі супрацоўнікі паліцыі правялі ператрус у адным з памяшканняў і канфіскавалі тэлефон, з якога нібыта былі размешчаны паведамленні, якія могуць складаць злачынства паводле артыкула 256 Крымінальнага кодэкса», – гаворыцца ў паведамленні паліцыі.
Гэта абвінавачванне прадугледжвае пакаранне да трох гадоў пазбаўлення волі.
Забойства школьніцы ў Яленяй Гуры
Тыдзень таму, у панядзелак,у Яленяй Гуры каля школы было знойдзена цела 11-гадовай дзяўчынкі.
У аўторак пракурор Эва Венгларовіч-Макоўска, прэс-сакратар раённай пракуратуры ў Яленяй Гуры, паведаміла, што па гэтай справе затрымана 12-гадовая дзяўчынка. Абедзве дзяўчынкі вучыліся ў адной школе і ведалі адна адну ў твар. Матыў забойства застаецца невядомым. У аўторак суд пагадзіўся дазволіць допыт 12-гадовай дзяўчынкі. Матэрыялы справы былі перададзеныя з паліцыі ў суд.
Слуханне з удзелам 12-гадовай дзяўчынкі адбылося ў сераду. На гэтым пасяджэнні суд вынес часовую меру стрымання ў дачыненні да непаўналетняй. Разгляд справы праводзіцца ў закрытым рэжыме.
Раней у інтэрвʼю PAP Агнешка Макоўска, віцэ-старшыня раённага суда ў Яленяй Гуры падкрэсліла, што «судовае разбіральніцтва будзе накіравана на вызначэнне таго, ці ёсць абставіны, якія сведчаць пра дэмаралізацыю непаўналетняга, і ці ёсць неабходнасць прымяняць да непаўналетняга меры, указаныя ў Законе».
Яна растлумачыла, што гэта «часовыя меры» ў выглядзе змяшчэння непаўналетняга ў лячэбную ўстанову або моладзевы адукацыйны цэнтр.
РАР/вх