Беларуская Служба

Еўрастат: Узровень беспрацоўя ў Польшчы адзін з самых нізкіх у ЕС

08.01.2026 15:15
У лістападзе ўзровень беспрацоўя ў Польшчы склаў 3,2%, што з'яўляецца адным з самых нізкіх паказчыкаў у ЕС.
Ілюстрацыяjarmoluk/pixabay.com/CC0 Public Domain

У канцы 2025 года ўзровень беспрацоўя ў Еўрапейскім Саюзе заставаўся на стабільным узроўні 6%. У канцы лістапада мінулага года па ўсім ЕС было 13 225 000 беспрацоўных, у тым ліку амаль 11 мільёнаў у краінах еўразоны. Агульны ўзровень беспрацоўя ў еўразоне, да якой у студзені, як 21-ы член, далучылася Балгарыя, склаў 6,3%, што крыху вышэй, чым па ЕС у цэлым.

У лістападзе мінулага года беспрацоўе ў Польшчы дасягнула 3,2%, што зʼяўляецца адным з самых нізкіх паказчыкаў у супольнасці. Аднак, паводле апублікаванага ў чацвер даследавання Еўрастата, надалей амаль 600 000 палякаў працаздольнага ўзросту былі беспрацоўнымі.

Найвышэйшы ўзровень беспрацоўя, больш за 10%, фіксаваўся ў Іспаніі і Фінляндыі, а найніжэйшы – 3,1% на Мальце. Польшча (3,2%) заняла другое пасля Мальты месца і падзяліла яго з Чэхіяй.

Паводле дадзеных Еўрастата, беспрацоўе сярод моладзі да 25 гадоў застаецца стабільна высокім, дасягаючы 15,1% па ўсім ЕС і 14,6% ў еўразоне.

Гэта азначае, што 2,9 мільёна маладых еўрапейцаў былі беспрацоўнымі, у тым ліку 2,3 мільёна ў краінах-членах еўразоны.

У Польшчы ўзровень беспрацоўя сярод гэтай групы дасягнуў 12,7%, гэта значыць, 146 000 маладых палякаў былі беспрацоўнымі. Іспанія, Швецыя і Фінляндыя сутыкнуліся з самым высокім узроўнем беспрацоўя, дзе ў сярэднім кожны чацвёрты малады чалавек быў беспрацоўным.

Найніжэйшы ўзровень беспрацоўя сярод моладзі быў зафіксаваны ў Нідэрландах і Германіі, дзе ён склаў крыху больш за 9%.

Захоўваюцца разыходжанні паміж узроўнем занятасці сярод мужчын і жанчын. У ЕС 6,2% жанчын і 5,8% мужчын былі беспрацоўнымі; у еўразоне гэтыя паказчыкі склалі 6,5% жанчын і 6,1% мужчын.

Паказчыкі ў Польшчы таксама былі аднымі з самых нізкіх у ЕС – 3,6% для жанчын і 2,9% для мужчын. Толькі Чэхія мела лепшыя паказчыкі для мужчын, а Мальта, Германія, Чэхія і Балгарыя – для жанчын.

Па ўсім ЕС у канцы 2025 года найвышэйшы ўзровень беспрацоўя сярод мужчын быў у шведаў, фінаў і іспанцаў, а сярод жанчын – у іспанцаў і грэкаў.

Між тым, Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Польшчы паведаміла ў снежні мінулага года, што ўзровень беспрацоўя ў лістападзе склаў 5,6 працэнта. Колькасць беспрацоўных, зарэгістраваных польскімі службамі занятасці склала 873 600 чалавек.

PAP/аз

40% кампаній падрыхтавалі святочныя падарункі для сваіх супрацоўнікаў

23.12.2025 12:12
У гэтым годзе спіс самых папулярных святочных бонусаў уключае фінансавыя бонусы, ваўчары і класічныя калядныя падарункі.

У Польшчы - новыя правілы выдачы бальнічнага лістка. Тлумачым, што змянілася

06.01.2026 12:19
У Польшчы з 1 студзеня работнік можа хварэць на адной працы і працаваць для іншай арганізацыі.