Беларуская Служба

Прэзідэнт Польшчы падзякаваў нацыянальнай алімпійскай зборнай 

17.01.2026 09:36
Зімовыя Алімпійскія гульні пачнуцца 6 лютага ў Італіі — у Мілане і Корціне-д’Ампецца. Чакаецца, што Польшчу прадставяць 56 спартоўцаў.
   .
Сустрэча прэзідэнта Польшчы К. Наўроцкага з нацыянальнай алімпійскай зборнай PAP/Piotr Nowak

16 студзеня 2026 года прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі сустрэўся з польскай алімпійскай зборнай падчас традыцыйнай навагодняй сустрэчы, якая адбылася ў Алімпійскім цэнтры ў Варшаве. Мерапрыемства сабрала спартоўцаў, трэнераў і прадстаўнікоў алімпійскага руху.

Выступаючы перад удзельнікамі сустрэчы, кіраўнік польскай дзяржавы падкрэсліў ролю спорту ў фармаванні нацыянальнай тоеснасці і выказаў удзячнасць спартоўцам за годнае прадстаўленне краіны за мяжой: 

 «Ад імя нашай нацыянальнай супольнасці магу сказаць, што палякі ганарацца сваімі спартоўцамі і тымі, хто вядзе нашых спартоўцаў да вялікіх поспехаў. Думаю, што спорт вучыць прыхільнасці да таго, што для нас найважнейшае: да нашай нацыянальнай ідэнтычнасці, да бела-чырвонага сцяга, да нашага прыгожага, цудоўнага гімна. За гэта я таксама хацеў падзякаваць усёй алімпійскай сям’і і ўсім спартоўцам, бо вы сапраўды з’яўляецеся пасламі Рэспублікі Польшча на  палях, стадыёнах і на ўсіх спартыўных арэнах»,  — заявіў польскі лідар. 

Зімовыя Алімпійскія гульні пачнуцца 6 лютага ў Італіі — у Мілане і Корціне-д’Ампецца. Чакаецца, што Польшчу прадставяць 56 спартоўцаў, але канчатковы склад каманды будзе вызначаны пасля завяршэння кваліфікацыйных спаборніцтваў.

iar/эж