На Рынкавай плошчы Уроцлава адбудзецца спроба пабіць рэкорд па колькасці людзей, якія адначасова і ў адным месцы чытаюць кнігу, многія бібліятэкі ахвяруюць чытачам чырвоную ружу, а ў Варшаве стартуе «Абмен кнігамі на рэйках».
Мэта гэтага свята — папулярызаваць чытанне, якое, як кажа дырэктар Польскай кніжнай палаты Малгажата Каноўнік, знаходзіцца ў Польшчы не ў найлепшым стане.
— 7 красавіка Нацыянальная бібліятэка апублікавала вынікі даследавання чытання, якое праводзілася сярод палякаў, якім больш за 15 гадоў. Стала вядома, што за апошнія 12 месяцаў 41 прац. апытаных прачытаў як мінімум адну кнігу, то бок, амаль 60 прац. палякаў не прачыталі ні адной кніжкі за цэлы год. Гэта вельмі дрэнныя вынікі.
У рамках святкавання свайго 70-годдзя Познаньскае выдавецтва сумесна з рэгіянальным перавозчыкам Koleje Wielkopolskie (Вялікапольскай чыгункай) падрыхтавала спецыяльную кампанію, прысвечаную чытанню. У чацвер каля 10 тыс. кніг будуць раздадзены пасажырам у цягніках Koleje Wielkopolskie. Ініцыятыва рэалізуецца пад лозунгам «Зачыні экран, адкрый кнігу».
З нагоды Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права грамадскі транспарт у Варшаве запусціць у выходныя спецыяльны трамвай, у якім можна будзе пачытаць кнігу, слухаць аўдыякнігі і абменьвацца кнігамі. У гэтыя дні па Варшаве будзе курсаваць гістарычны трамвай нумар K з драўлянымі сталамі і крэсламі.
Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права, заснаваны ЮНЕСКА ў 1995 годзе, адзначаецца 23 красавіка.
PAP/яс