У Мазавецкім ваяводстве ўлады затрымалі грамадзяніна Расіі. Паводле інфармацыі паліцыі, мужчына мае статус «вора в законе» і можа быць звязаны з арганізаванай злачыннасцю ў Польшчы.
У аперацыі ўдзельнічалі супрацоўнікі Цэнтральнага бюро расследаванняў паліцыі, Агенцтва ўнутранай бяспекі і Памежнай службы. Арышт адбыўся ў канцы красавіка ў Мазавецкім ваяводстве.
— Паводле высноў супрацоўнікаў, Уладзімір Д. быў «каранаваны» у 1982 годзе. Згодна з сабранай інфармацыяй, мужчына мог кіраваць дзейнасцю злачыннай групы, у тым ліку арганізацыяй і ходам запланаваных злачынстваў, а таксама размеркаваннем сродкаў, атрыманых ад злачыннай дзейнасці, — сказаў Кшыштаф Вжэсьнёўскі, прэс-сакратар Цэнтральнага бюро расследаванняў паліцыі.
Паліцыянт растлумачыў, што супраць затрыманага быў выдадзены зялёны ордар Інтэрполу, які служыць папярэджаннем для праваахоўных органаў дзяржаў-членаў аб асобе, якая можа ўяўляць пагрозу грамадскай бяспецы ў краіне пражывання.
Камандзір памежнага пункта ў Варшаве вынес рашэнне, якое абавязвае замежніка вярнуцца ў Расійскую Федэрацыю ў адпаведнасці з палажэннямі Закона аб замежніках.
З-за адсутнасці дзейнага падарожнага дакумента суд загадаў змясціць 79-гадовага мужчыну ў ахоўны цэнтр для замежнікаў, дзе ён будзе знаходзіцца да пацверджання яго асобы, што неабходна для правядзення працэдуры дэпартацыі.
PAP/юл