Беларуская Служба

Міністэрства энергетыкі: абмежаванне цэн на паліва даказала сваю эфектыўнасць

15.05.2026 11:02
Пакет зніжэння цэн на паліва (CPN) працуе, кажа міністр энергетыкі Мілаш Мотыка. Міністэрства кожны працоўны дзень уводзіць максімальны парог цаны на запраўках.
Міністр энергетыкі Мілаш МотыкаPAP/Paweł Jaskółka

Міністр Мілаш Мотыка заявіў Польскаму радыё 24, што наўмысных парушэнняў закона няма, але ёсць памылкі. Аднак у цэлым праграма функцыянуе добра.

— Гэты закон добра працуе, а галіна прыстасавалася. На маю думку, адсутнасць дэфіцыту паліва на запраўках пра гэта сведчыць. Таксама мы змаглі справіцца з наплывам так званых «паліўных турыстаў». Цяпер я пагроз не бачу.

Правілы абмежавання цэн на паліва дзейнічаюць да канца месяца. Будучыня пакуль незразумелая. Міністр Мілаш Мотыка кажа, што шмат што залежыць ад сітуацыі на Блізкім Усходзе.

— Для нас з самага пачатку ўвядзення дадзенага механізму важна было захаваць эластычнасць у прыняцці рашэнняў. Гэта вынікае з дынамічнай сітуацыі на Блізкім Усходзе. Нішто не прадказвала, што Армузскі праліў будзе заблакаваны на 2 месяцы. Рашэнне мы прымаем на падставе стану бюджэту ды сітуацыі на Блізкім Усходзе.

Кіраўнік Міністэрства энергетыкі заявіў, што штомесячны кошт пакета CPN складае прыблізна 1,6 мільярда злотых. Ён прызнаў, што гэта высокія выдаткі, але больш нізкія цэны на паліва дапамагаюць стрымліваць інфляцыю.

ПР/юл