Бяспека, кібербяспека, абарона і рост геапалітычнай напружанасці – гэта галоўныя тэмы Кангрэса «Бяспека Польшчы», які 25 траўня пачынаецца ў Жэшаве(Rzeszów) на паўднёвым усходзе Польшчы.
У мерапрыемстве прымуць удзел прадстаўнікі ўрада, ваеннай і абароннай прамысловасці, а таксама эксперты ў галіне бяспекі і бізнесу. Падчас кангрэса запланавана серыя дыскусій і сустрэч, прысвечаных сучасным выклікам, з якімі сутыкаюцца Польшча, Еўропа і свет, паведаміў Польскаму радыё прадстаўнік арганізатара кангрэса Пётр Хайнацкі(Piotr Chojnacki).
— Будуць абмяркоўвацца пытанні, датычныя ўстойлівасці дзяржавы, мадэрнізацыі польскай арміі, кібербяспекі і аховы крытычнай інфраструктуры. Эксперты будуць размаўляць таксама пра кіберпагрозы, бяспеку камунікацыйных сетак, выкарыстанне штучнага інтэлекту і спадарожнікавых тэхналогій, а таксама пра супрацу грамадскага сектара з бізнесам, — заявіў Хайнацкі.
Падчас мерапрыемства таксама адбудуцца дэбаты па пытаннях мадэрнізацыі польскай арміі і развіцця новых тэхналогій.
— Вялікая ўвага будзе нададзена развіццю сучасных абаронных магчымасцей і рэалізацыі шматдаменных аперацый на сушы, моры, у паветры і кіберпрасторы. У рамках напрамку «Defence Horizon» эксперты абмяркуюць, сярод іншага, развіццё зброевай прамысловасці, тэхналогіі двайнога прызначэння і выкарыстанне сучасных аналітычных і інтэлектуальных сістэм у аператыўнай дзейнасці, — заявіў прадстаўнік арганізатара кангрэса.
У двухдзённым мерапрыемстве ў Жэшаве прымуць удзел прыблізна чатыры тысячы ўдзельнікаў. Сярод іх будуць прадстаўнікі польскага ўрада, віцэ-прэм'ер і міністр лічбавых спраў Кшыштаф Гаўкоўскі і міністр юстыцыі Вальдэмар Журэк.
IAR/аз