Міністэрства адукацыі Польшчы падрыхтавала законапраект, які ўводзіць агульнанацыянальную забарону на выкарыстанне мабільных тэлефонаў у пачатковых школах. Новыя правілы павінны ўступіць у сілу з 1 верасня 2026 года.
Паводле законапраекта, вучні не змогуць карыстацца смартфонамі ні падчас урокаў, ні на перапынках. Забарона будзе дзейнічаць як на тэрыторыі школы, так і падчас адукацыйных заняткаў па-за яе межамі. Школы атрымаюць права арганізоўваць спецыяльныя месцы для захоўвання тэлефонаў, куды вучні будуць абавязаныя здаваць свае прылады на час навучання.
Пры гэтым прадугледжаныя выключэнні. Скарыстацца тэлефонам можна будзе з дазволу настаўніка ў адукацыйных мэтах, а таксама па медычных паказаннях або ў выпадку пагрозы жыццю і здароўю.
У Міністэрстве адукацыі Польшчы адзначаюць, што дагэтуль адзіных правілаў для ўсіх школ не існавала. Новы закон павінен уніфікаваць падыход і даць навучальным установам выразную прававую аснову для абмежавання выкарыстання смартфонаў.
pap/iar/эж