Урад адобрыў законапраект аб забароне карыстання мабільнымі тэлефонамі ў пачатковых школах. Забарона будзе распаўсюджвацца на ўрокі і перапынкі. Яна ўступіць у сілу 1 верасня.
Міністр адукацыі Барбара Навацка заявіла, што гэты крок быў зроблены ў адказ на выразныя патрэбы адукацыйнай супольнасці.
— Настаўнікі казалі, што ім неабходны закон, на які яны маглі б спасылацца, — падкрэсліла міністр, дадаўшы, што больш чым у палове польскіх школ ужо дзейнічае такая забарона.
Будуць выключэнні з забароны на карыстанне мабільнымі тэлефонамі ў школах. Дзеці змогуць карыстацца электроннымі прыладамі са згоды настаўніка ў навучальных мэтах. Карыстанне тэлефонам будзе дазволена ў выпадку хваробы дзіцяці, інваліднасці або ў абгрунтаваных медыцынскіх выпадках, такіх як вымярэнне ўзроўню глюкозы. Забарона не будзе распаўсюджвацца на інтэрнаты або школьныя экскурсіі. Яна таксама не будзе распаўсюджвацца на настаўнікаў і іншы школьны персанал.
Пакет законаў аб бяспецы дзяцей у інтэрнэце, прыняты сёння (2 чэрвеня), уключае палажэнні, якія абмяжоўваюць доступ дзяцей да парнаграфіі і паскараюць выдаленне шкоднага кантэнту з інтэрнэту. Урад таксама працуе над увядзеннем правіл, якія абмяжоўваюць доступ да сацыяльных сетак для асоб ва ўзросце да 15 гадоў. У пятніцу (29 мая) канцылярыя прэм'ер-міністра правяла кансультацыі з моладдзю па гэтым пытанні пад назвай «Лічбавая будучыня моладзі».
IAR/нг