Польскія фотарадары за мінулы год зафіксавалі амаль 120 тыс. парушэнняў, учыненых вадзіцелямі аўтамабіляў з краін па-за Еўрасаюзам. Аднак штрафы выпісалі толькі па 3 тыс. 443 выпадках. Больш за ўсё парушэнняў аказалася на рахунку аўтамабіляў з украінскімі нумарамі, паведамляе партал The-Warsaw.pl.
Паводле газеты Rzeczpospolita, якая спасылаецца на дадзеныя Галоўнай інспекцыі аўтамабільнага транспарту Польшчы, у 2025 годзе камеры кантролю хуткасці зарэгістравалі больш за 1 млн 300 тыс. парушэнняў. Амаль кожнае дзясятае прыпала на аўтамабілі, зарэгістраваныя за межамі ЕС.
У іх ліку лідаруюць машыны з украінскімі нумарамі — за год яны патрапілі ў статыстыку больш за 77 тыс. 200 разоў. Для параўнання: у 2024 годзе такіх парушэнняў было 62 тыс. 400, а ў 2023-м — каля 52 тыс.
У аўтамабіляў з беларускай рэгістрацыяй дынаміка зваротная. У мінулым годзе камеры зафіксавалі 7 тыс. 400 парушэнняў супраць 8 тыс. 100 годам раней і амаль 9 тыс. 400 у 2023 годзе. Таксама зніжаецца колькасць правапарушэнняў, учыненых вадзіцелямі аўтамабіляў з Расіі — 218 у мінулым годзе, тады як у 2023 годзе іх было 828.
Польскія службы часта не могуць устанавіць уладальніка аўтамабіля з краіны па-за ЕС. З-за адсутнасці неабходных міжнародных дамоваў знайсці парушальніка і выпісаць яму штраф бывае немагчыма.
У выніку амаль са 120 тыс. парушэнняў штрафы атрымалі толькі 3 тыс. 443 чалавекі. З іх каля 2 тыс. 500 былі выпісаныя грамадзянам Украіны, 42 — грамадзянам Беларусі.
Колькасць парушэнняў з боку аўтамабіляў з краін па-за ЕС расце, аднак эфектыўнасць сістэмы спагнання штрафаў застаецца нізкай. Многія парушэнні, зафіксаваныя камерамі, фактычна застаюцца без наступстваў для вадзіцеляў.
вс