Беларуская Служба

У Польшчы рыхтуюцца да павелічэння прысутнасці амерыканскіх войскаў

13.06.2026 20:58
«Мы рыхтуем Польшчу да павялічанай прысутнасці амерыканскіх войскаў. Наперадзе важныя і добрыя рашэнні для Польшчы».
Армія ЗШАBumble Dee/Shutterstock

16 чэрвеня адбудзецца пазачарговае паседжанне Камітэта Савета міністраў па пытаннях нацыянальнай бяспекі, якое ўзначаліць прэм'ер-міністр Дональд Туск.

— Мы рыхтуем Польшчу да павялічанай прысутнасці амерыканскіх войскаў. Наперадзе важныя і добрыя рашэнні для Польшчы, – паведаміў кіраўнік Мінабароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш.

Раней ён заявіў, што перадаў міністру вайны ЗША Піту Хегсету афіцыйную прапанову аб стварэнні новай пастаяннай базы амерыканскіх войскаў у Польшчы.

Пазней прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў, што ЗША накіруюць у Польшчу яшчэ 5 тыс. вайскоўцаў. Паводле яго слоў, гэтае рашэнне прынятае на аснове добрых адносін з прэзідэнтам Наўроцкім, якога ён падтрымаў перад выбарамі 2025 года.

Караль Наўроцкі ў нядзелю адпраўляецца з візітам у Вашынгтон па запрашэнні Дональда Трампа. Ён прыме ўдзел, у прыватнасці, у арганізаванай у Белым доме гала-шоу змешаных адзінаборстваў UFC Freedom 250, прысвечанай 250-годдзю заснавання ЗША, і якая праходзіць у дзень нараджэння амерыканскага прэзідэнта.

Кіраўнік Бюро міжнароднай палітыкі прэзідэнта Польшчы Марцін Пшыдач паведаміў, што Наўроцкі ў Вашынгтоне будзе размаўляць з Трампам напрамую аб ключавых пытаннях польскай бяспекі, двухбаковых адносінах і энергетыка-эканамічным супрацоўніцтве.

Ён падкрэсліў, што апроч эканамічнага, энергетычнага і палітычнага парадку дня, галоўным пытаннем застаецца бяспека і прысутнасць амерыканскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Польшчы. Таксама будзе абмяркоўвацца пытанне пастаяннага размяшчэння амерыканскіх войск у краіне.

Кіраўнік бюро дадаў, што Наўроцкі падчас візіту ў ЗША сустрэнецца таксама з польскай дыяспарай.

ам