А 10-ай раніцы на вуліцы Каралевы Ядвігі ў Бяла-Падлясцы быў застрэлены 44-гадовы расіянін. Паліцыя ўсё яшчэ шукае злачынцу або злачынцаў, якія здзейснілі забойства. Нягледзячы на рэанімацыйныя намаганні лекараў, мужчыну выратаваць не ўдалося.
Паліцыя атрымала шматлікія запісы з камер відэаназірання і апытала сведкаў.
— Мы не выключаем розных сцэнарыяў і матываў злачынцы, — сказаў Марцін Козак, прэс-сакратар акруговай пракуратуры ў Любліне.
— Разглядаюцца розныя версіі і гіпотэзы: ці гэта была выпадковая падзея, ці спланаваны напад, але пакуль рана казаць. Трэба дачакацца афіцыйных вынікаў папярэдняга расследавання, — падкрэсліў пракурор Козак.
У сваю чаргу Тэлеграм-канал Nexta паведаміў, што ў Бяла-Падлясцы быў забіты расійскі апазіцыйны мастак Сымон Скрэпецкі, які нядаўна браў удзел у дэманстрацыі каля расійскай амбасады ў Берліне. Мастак нёс карціну, на якой намаляваны Іосіф Сталін, які «корміць» Уладзіміра Пуціна. Канал DzikMedia паведамілў, што да забойства маглі быць датычныя некалькі чалавек, і каля беларускага консульства быў затрыманы адзін з магчымых падазраваных.
Афіцыйна паліцыя заявіла, што працягваецца пошук злачынцы або злачынцаў забойства. У звязку са стральбой, якая мела месца ў Бяла-Падлясцы, увесь мясцовы гарнізон прыведзены ў стан баявой гатовасці. Аказваецца падтрымка з боку супрацоўнікаў Галоўнага ўпраўлення паліцыі ў Любліне. Таксама былі ўведзены дадатковыя меры бяспекі.
Патрулі гарадской варты былі накіраваны ў дзіцячыя садкі, дашкольныя ўстановы і школы Бяла-Падляскі. Акрамя таго, бацькі непаўналетніх вучняў атрымалі інфармацыю праз электронныя часопісы аб тым, што дзяцей трэба забіраць са школы асабіста пасля заняткаў.
Мэр Бяла-Падляскі Міхал Літвінюк звярнуўся да жыхароў з просьбай кіравацца толькі афіцыйнымі паведамленнямі паліцыі і экстраных службаў, якія таксама публікуюцца на афіцыйнай старонцы горада ў Facebook. Адначасова мэр Літвінюк просіць жыхароў не распаўсюджваць неправераную інфармацыю, якая з'яўляецца ў сацыяльных сетках, бо гэта можа павялічыць трывогу і перашкодзіць дзеянням супрацоўнікаў.
ПР/юл