Пракуратура ў Любліне прад’явіла абвінавачанне 36-гадоваму грамадзяніну Грузіі ў справе забойства расійскага апазіцыйнага актывіста і карыкатурыста Роберта Кузаўкова, вядомага пад творчым псеўданімам Сямён Скрапецкі. Злачынства адбылося 15 чэрвеня ў Бялай Падляскай.
Падазраваны не прызнаў сваёй віны і адмовіўся даваць паказанні. Следчыя не выключаюць, што гаворка можа ісці пра забойства, здзейсненае на замову.
Як паведаміў прэс-сакратар Нацыянальнай пракуратуры Польшчы Пшэмыслаў Новак, у справе існуюць усе неабходныя падставы для прымянення меры стрымання ў выглядзе часовага арышту.
— У гэтай справе маюцца практычна ўсе спецыяльныя падставы для прымянення часовага арышту, у тым ліку рызыка перашкодзіць расследаванню, рызыка ўтойвання, рызыка ўцёкаў, а таксама пагроза прызначэння суровага пакарання, — адзначыў ён.
Пракурор ужо звярнуўся ў суд з хадайніцтвам аб арышце падазраванага тэрмінам на тры месяцы.
Роберт Кузаўкоў, вядомы як Сямён Скрапецкі, быў аўтарам палітычных карыкатур і крытыкаваў улады Расіі, Беларусі і Чачні. Пасля пераследу з боку расійскага рэжыму ён пераехаў у Польшчу, дзе жыў апошнія гады. Абставіны злачынства высвятляюцца, следства працягваецца. Cуд арыштаваў падазраванага на тры месяцы.
iar/эж