Беларуская Служба

У Польшчы правераць, як працадаўцы абараняюць супрацоўнікаў ад высокіх тэмператур на працы

25.06.2026 09:04
З-за спёкі міністр працы Польшчы Агнешка Дзям'яновіч-Бонк звярнулася да галоўнага інспектара працы з просьбай правесці ўзмоцненыя праверкі.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

Інспектары будуць правяраць, як працадаўцы абараняюць супрацоўнікаў ад высокіх тэмператур на працоўных месцах.

Абавязкі працадаўцаў па забеспячэнні бяспечных і гігіенічных умоў працы вызначаны Працоўным кодэксам. Гэтыя правілы ахопліваюць змяненне ўмоў працы, напрыклад, з-за спёкі.

— Гэтыя меры неабходныя з-за спёкі летам і прызначаны для паляпшэння бяспекі тых, хто працуе ў спякотныя дні. Высокія тэмпературы робяць працу ў спякотныя дні значнай праблемай для супрацоўнікаў, а спёка можа мець негатыўныя наступствы для здароўя,  адзначыла міністр Дзямʼяновіч-Бонк у сваім хадайніцтве да галоўнага інспектара працы.

Міністэрства нагадала, што працадаўцы абавязаны бясплатна прадастаўляць напоі супрацоўнікам, якія працуюць на вуліцы, калі тэмпература навакольнага асяроддзя перавышае 25°C, а таксама супрацоўнікам, якія працуюць у памяшканнях, калі тэмпература перавышае 28°C. Гэтыя напоі павінны быць даступныя пастаянна і ў колькасцях, дастатковых для задавальнення патрэб усіх супрацоўнікаў.

Акрамя таго, у адпаведнасці з правіламі аховы працы, у працоўных зонах, дзе тэмпература з-за тэхналагічных працэсаў пастаянна перавышае 30°C, працадаўцы павінны прадастаўляць супрацоўнікам пакоі адпачынку, абсталяваныя прыладамі для паніжэння тэмпературы паветра.

Дзеючыя правілы таксама прадугледжваюць спецыяльную абарону для асобных груп супрацоўнікаў. Маладым работнікам забаронена працаваць у памяшканнях, дзе тэмпература паветра перавышае 30°C або з вільготнасць паветра перавышае 65%.

У той жа час, згодна з Працоўным кодэксам, работнік мае права ўстрымацца ад працы, калі ўмовы працы ствараюць непасрэдную пагрозу яго здароўю або жыццю, захоўваючы пры гэтым права на аплату працы.

PAP/ав