15 жніўня ў Варшаве пройдзе вялікі парад з нагоды Дня Войска Польскага, які стане дэманстрацыяй маштабнай мадэрнізацыі польскай арміі. Над сталіцай праляцяць знішчальнікі F-16 і F-35, а па вуліцах пройдзе сучасная наземная тэхніка. Асобны ваенна-марскі парад адбудзецца ў Гданьскай затоцы.
Генерал Багуслаў Самоль адзначыў, што яшчэ некалькі гадоў таму на польскіх парадах пераважала постсавецкая тэхніка, якой цяпер практычна не засталося. Ён таксама падкрэсліў значэнне сіл тэрытарыяльнай абароны, спецназу і войскаў кіберабароны:
— Патэнцыйны агрэсар, безумоўна, павінен некалькі разоў задумацца, ці варта наносіць удар па Польшчы, калі ў выніку гэтага ўдару будуць велізарныя страты, — заявіў Самоль.
Паводле генерала, досвед вайны ва Украіне паказвае, што добра падрыхтаваная дзяржава здольная працяглы час супрацьстаяць мацнейшаму праціўніку.
У сёлетніх мерапрыемствах возьмуць удзел каля 1800 вайскоўцаў, больш за 300 адзінак наземнай тэхнікі і каля 60 лятальных апаратаў. У марскім парадзе задзейнічаюць больш за 20 караблёў.
Сярод іншага, у Варшаве пакажуць танкі Abrams, K2 і Leopard 2, БМП Borsuk, ракетныя сістэмы HIMARS і комплексы Patriot. У небе, акрамя F-16 і F-35, можна будзе ўбачыць верталёты AH-64 Apache, AW149 і S-70i Black Hawk.
iar/pap/эж