Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Польшчы расследуюць серыю ўцечак медыцынскіх дадзеных мільёнаў пацыентаў

29.09.2026 18:04
Дзяржаўны інстытут NASK — Навуковая і акадэмічная камп’ютарная сетка — цяпер аналізуе тры такія інцыдэнты, звязаныя з MyDr, Qbusoft і Enel-Med.
Ілюстрацыйнае фотаImage by Tung Nguyen from Pixabay/CC0

У Польшчы расследуюць серыю маштабных кібератак на медыцынскія сістэмы, у выніку якіх зламыснікі маглі атрымаць асабістыя і медыцынскія дадзеныя мільёнаў пацыентаў. Дзяржаўны інстытут NASK — Навуковая і акадэмічная камп’ютарная сетка — цяпер аналізуе тры такія інцыдэнты, звязаныя з MyDr, Qbusoft і Enel-Med.

Найбуйнейшая з вядомых уцечак закранула MyDr: хакеры выкралі звесткі амаль 19 мільёнаў чалавек, у тым ліку інфармацыю пра лекі і рэцэпты. У выпадку сістэмы Medyc кампаніі Qbusoft гаворка можа ісці прыкладна пра пяць мільёнаў чалавек. Enel-Med паведаміў, што ўцечка магла закрануць каля 3% яго базы пацыентаў.

Расследаваннем займаецца Цэнтральнае бюро барацьбы з кіберзлачыннасцю Польшчы, а справу MyDr кантралюе Варшаўская акруговая пракуратура.

Асобную праверку Qbusoft анансаваў кіраўнік Упраўлення абароны персанальных дадзеных. Міністр лічбавізацыі Кшыштаф Гаўкоўскі звярнуў увагу, што кампанія не паведаміла пра інцыдэнт CERT Polska і CSIRT CeZ, хоць павінна была гэта зрабіць. Ён папярэдзіў пра «безумоўныя наступствы», калі праверка выявіць парушэнне працэдур бяспекі.

pap/эж