Беларуская Служба

На саміце ў Познані падпісаны дакумент аб стварэнні фонду для Балкан

05.07.2019 14:35
Палітыкі і эксперты згодныя ў тым, што ўступленне балканскіх краін у ЕЗ пакуль што не з’яўляецца магчымым. 
    .
Кіраўнікі дэлегацый форуму Заходніх Балканаў.PAP/Marek Zakrzewski


14 прэм'ераў краін Еўрапейскага звязу і балканскіх краін, у тым ліку польскі прэмʼер Матэвуш Маравецкі, канцлер Нямеччыны Ангела Меркель, а таксама прэмʼеры Вялікабрытаніі і Францыі – Тэрэза Мэй і Эдуард Філіп прымаюць удзел у пасяджэннях на саміце Заходніх Балкан, які праходзіць у Познані. Сёння палітыкі абмяркоўваюць інтэграцыю заходне-балканскіх краін з ЕЗ і эканамічнае развіццё гэтага рэгіёну.

Палітыкі і эксперты згодныя ў тым, што ўступленне балканскіх краін у ЕЗ пакуль што не з’яўляецца магчымым. Міністры замежных спраў Польшчы і Нямеччыны казалі ў Познані пра тое, што інтэграцыя гэтых краін у ЕЗ з’яўляецца канчатковай мэтай берлінскага працэсу, то бок дапамогі ЕЗ Балканам.
Міністр замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч у сваім выступе на саміце падкрэсліў, што Еўропа павінна павялічыць свой уплыў на Балканах, каб супрацьстаяць іншым краінам: «Іншыя гульцы, такія як Расея, Турцыя або Кітай спасылаюцца на гістарычныя, культурныя і рэлігійныя сувязі, і ў рэшце рэшты на эканамічныя, маюць уплыў на развіццё рэгіёну. Гэты ўплыў не заўсёды супадзе з кірункам, жаданым намі, Еўрапейскім звязам».

Учора на саміце Заходніх Балкан прадстаўнікі краін ЕЗ і Еўрапейскай камісіі падпісалі дакументы аб стварэнні спецыяльнага інвестыцыйнага фонду для Балкан, як мяркуецца, на больш за 10 мільёнаў еўра.

Дапамога для балканскіх краін – гэта частка берлінскага працэсу, пачатага Нямеччынай пяць гадоў таму, які заключаецца ў падтрымцы дзяржаў Паўднёвай Еўропы, якія хацелі б уступіць у ЕЗ. Гаворка ідзе пра Албанію, Боснію і Герцагавіну, Чарнагорыю, Косава, Паўночную Македонію і Сербію.

ав