Беларуская Служба

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда з жонкай адпраўляюцца ў Каралеўства Нідэрландаў

28.10.2019 15:17
Польскі прэзідэнт прыме ўдзел ў святкаванні 75-й гадавіны вызвалення Нідэрландаў польскай арміяй.
.
А. Дуда PAP/Piotr Nowak

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда з жонкай адпраўляюцца ў Каралеўства Нідэрландаў. Праграма двухдзённага візіту ўключае ў сябе, у прыватнасці, двухбаковыя кантакты, святкаванне 75-й гадавіны вызвалення Нідэрландаў польскай арміяй і сустрэчы з польскай дыяспарай. Візіт прэзідэнцкай пары ў Каралеўства Нідэрландаў стане таксама магчымасцю адзначыць 100-годдзе двухбаковых адносін.

У аўторак, 29 кастрычніка, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і кароль Нідэрландаў Вілем-Аляксандр прымуць удзел у цырымоніі на могілках у Брэдзе, дзе ўшануюць памяць генерала Станіслава Мачэка, камандуючага Першай польскай бранятанкавай брыгадай, якая вызваліла Брэду 75 гадоў таму. У рамках цырымоніі пройдзе ваенны парад.

Кіраўнік польскай дзяржавы з жонкай таксама наведаюць вулічную выставу «Мачэк і яго салдаты», а ўвечары сустрэнуцца з польскай дыяспарай.

У сераду, 30 кастрычніка, Анджэй Дуда сустрэнецца за працоўным сняданкам з прэм'ер-міністрам Нідэрландаў Маркам Рутэ, з якім абмяркуе пытанні эканамічнага супрацоўніцтва і бягучай еўрапейскай палітыкі. У гэты дзень прэзідэнт Польшчы таксама сустрэнецца з кіраўнікамі Сената і ніжняй палаты Нідэрландаў, Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе, а таксама з гендырэктарам Арганізацыі па забароне хімічнай зброі.

Адным з апошніх пунктаў праграмы стане візіт прэзідэнта Польшчы ў Ратэрдам, дзе будзе падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж портам Ратэрдам і марскім партовым комплексам Шчэцін і Свінавуйсце.

ав