Выпадкі смерці на польска-беларускай мяжы – гэта віна палітыкі ўладаў Беларусі, лічыць міністр з Канцылярыі прэзідэнта Польшчы Анджэй Дэра(Andrzej Dera).
Нагадваем, учора польская Памежная служба паведаміла, што па польскім баку мяжы былі выяўленыя целы трох мігрантаў, якія спрабавалі нелегальна перасячы польска-беларускую мяжу.
- Беларускія ўлады дапамагаюць мігрантам у нелегальным перасячэнні мяжы, нягледзячы на тое, што ў памежнай зоне на тэрыторыі Польшчы было ўведзенае надзвычайнае становішча. Частцы мігрантаў атрымліваецца прайсці мяжу. Па-першае – яны робяць гэта незаконна, па -другое – яны не арыентуюцца на мясцовасці і часта заходзяць у такія месцы, адкуль не ведаюць, як выбрацца. Апрача таго зараз у Польшчы холадна, а частка мігрантаў не прывыкла да такіх нізкіх тэмператур, якія аказваюцца для іх смяротнай небяспекай.
З пачатку верасня Польская Памежная служба зафіксавала больш за 3 800 спробаў незаконнага перасячэння мяжы з Беларусі.
IAR/аз