З 15 снежня Польшча зніжае з 50 да 30 працэнтаў ліміты занятых месцаў у рэстаранах, гасцініцах, кінатэатрах і касцёлах. Як паведаміў намеснік міністра аховы здароўя Вальдэмар Краска, гэтыя абмежаванні не датычаць прывітых грамадзян, пры ўмове праверкі кавіднага пашпарта.
З 15 снежня ў Польшчы будуць зачыненыя дыскатэкі, клубы і танцавальныя залы, а ў кінатэатрах будзе забароненае спажыванне. 31 снежня і 1 студзеня ў закрытых памяшканнях змогуць знаходзіцца максімум 100 чалавек без уліку прышчэпленых.
У грамадскім транспарце змогуць быць занятыя 75 працэнтаў месцаў. З 15 снежня таксама ўводзяцца абавязковыя тэсты на COVID-19 для сужыцеляў хворых нават, калі яны прывітыя.
У сваю чаргу асобы, якія прыязджаюць з краін, якія не ўваходзяць у Шэнгенскую зону, павінны зрабіць тэст на наяўнасць каранавіруса не раней чым за суткі да перасячэння мяжы.
Апрача таго ў базавых і сярэдніх школах з 20 снежня па 9 студзеня ўводзіцца дыстанцыйнае навучанне. Яслі і дзіцячыя садкі будуць працаваць у стацыянарным рэжыме.
З 1 сакавіка будучага года вакцынацыя супраць COVID-19 стане абавязковай для настаўнікаў, медыцынскіх работнікаў і функцыянераў службаў у Польшчы.
IAR/аз