Кіраўнік канцылярыі прэм’ер-міністра Міхал Дворчык лічыць, што цяпер у Польшчы знаходзіцца ад 1,5 да 1,8 мільёна ваенных уцекачоў з Украіны. Усяго ў Польшчу прыехала больш за 3 мільёны, але частка з'ехала ў іншыя краіны, а частка вярнулася дамоў пасля адыходу расійцаў з заходняй часткі Украіны.
У эфіры Polskie Radio 24 Міхал Дворчык падкрэсліў, што праз пакет законаў польскі ўрад дазволіў уцекачам доступ да шырокага спектру паслуг і да рынку працы. На пэўны час украінцы атрымалі правы, падобныя да тых, якімі карыстаюцца польскія грамадзяне ў частцы аховы здароўя, доступу да адукацыі і сацыяльнай дапамогі.
«Значная частка гэтых людзей заяўляе пра сваё жаданне працаваць, большасць з іх хацелі б вярнуцца ва Украіну як мага хутчэй. Аднак тыя, хто павінен застацца, хочуць працаваць», – сказаў Міхал Дворчык.
Ён дадаў, што Польшча звярнулася да Еўракамісіі з просьбай запусціць спецыяльны фонд дапамогі краінам, якія прымаюць украінскіх бежанцаў. Ён таксама выказаў упэўненасць, што такія меры ў рэшце рэшт будуць прынятыя.
Кіраўнік канцылярыі прэмʼер-міністра таксама нагадаў, што 5 мая ў Варшаве адбудзецца канферэнцыя донараў, падчас якой краіны з усяго свету заявяць аб дапамозе Украіне і бежанцам. Мерапрыемства арганізоўваюць прэмʼер-міністр Матэвуш Маравецкі разам з прэмʼер-міністрам Швецыі Магдаленай Андэрсан, старшынёй Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен і прэзідэнтам Еўрапейскай рады Шарлем Мішэлем.
яс