Беларуская Служба

У Польшчы ўчасціліся выпадкі захворванняў на клешчавы энцэфаліт

22.04.2023 17:37
Сёлета ў Польшчы пацверджаныя 2753 выпадкі хваробы Лайма і 47 выпадкаў клешчавога энцэфаліту, вынікае з апошніх дадзеных аб інфекцыйных захворваннях.
Аўдыё

Прыведзеныя дадзеныя тычацца перыяду з 1 студзеня па 15 красавіка гэтага года. Пры гэтым у 2022 годзе было зарэгістравана 1423 выпадкі хваробы Лайма і 14 выпадкаў клешчавога энцэфаліту.

Жывуць кляшчы ў асноўным у лісцяных і змешаных лясах, у травяністых месцах, у густых зарасніках, папараці, а таксама ў гарадскіх парках і на ўскраінах жылых масіваў, акружаных зялёнымі насаджэннямі.

Не ўсе кляшчы з'яўляюцца пераносчыкамі бактэрый хваробы Лайма, але падчас укусу яны таксама могуць перанесці ў кроў іншыя бактэрыі і вірусы, выклікаючы, у тым ліку клешчавы энцэфаліт.

Клешчавы энцэфаліт - вострае віруснае захворванне, якое часта суправаджаецца неўралагічнымі ўскладненнямі. У некаторых людзей таксама можа развіцца міэліт, менінгіт або менінгаэнцэфаліт.

Польскія лекары нагадваюць пра тое, што ёсць вакцыны супраць клешчавога энцэфаліту і варта прышчапіцца.

PAP