Беларуская Служба

Палякі не забываюць пра пацярпелых ад землятрусу, які адбыўся ў лютым гэтага года

26.04.2023 08:46
Дзякуючы сабраным сродкам удалося аказаць дапамогу тым, каму яна была найбольш патрэбная.
Землятрус адбыўся на тэрыторыі Сірыі і Турцыіфота: Pixabay.com/652234

Сірыйцы дзякуюць палякам за дапамогу пасля землятрусу, які адбыўся ў лютым. Кіраўнік польскай секцыі фонду «Дапамога Касцёлу ў патрэбе» ксёндз Вальдэмар Цісла паведаміў, што з Сірыі паступаюць запісы і фотаздымкі, якія паказваюць, як дапамога з Польшчы даходзіць да пацярпелых ад землятрусу.

Айцец Вальдэмар Цісла падкрэсліў, што рэакцыя палякаў на землятрус у Сірыі з'яўляецца чарговым экзаменам па міласэрнасці. Дзякуючы сабраным сродкам удалося аказаць дапамогу тым, каму яна была найбольш патрэбная.

«Прыцягненне спонсараў і індывідуальных ахвярадаўцаў дазволіла даставіць сірыйцам прадукты харчавання і 60 тыс. адзінак адзення – усяго 70 тон на пяці грузавіках. Цяпер яны атрымліваюць сродкі гігіены. Гэта спроба засцерагчы іх ад хвароб, таму што краіна змагаецца з гуманітарнай катастрофай», – паведаміў святар.

Паводле інфармацыі фонду ICARE, шкода ад землятрусу ў Сірыі ў лютым гэтага года перавышае 10 мільярдаў долараў. У гарадах, пацярпелых ад стыхіі, пражывае каля 6 мільёнаў чалавек. Вобласць вырабляе каля 35 працэнтаў ВУП. Стыхійнае бедства пагоршыць і без таго цяжкую эканамічную сітуацыю і можа выклікаць рэзкі рост інфляцыі.

IAR/нг