Беларуская Служба

Амбасадар Расіі паскардзіўся, што Польшча заблакавала грошы дыппрадстаўніцтва

27.04.2023 16:00
Нацыянальная пракуратура выступіла з заявай па гэтай справе, паведамляе tvp.info.
i
Расiйскае пасольства ў ВаршавеАвторство: Wistula. Собственная работа, CC BY 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=16249795

Амбасадар Расіі ў Польшчы Сяргей Андрэеў заявіў, што польская пракуратура арыштавала грошы з рахункаў амбасады і гандлёвага прадстаўніцтва Расіі. Нацыянальная пракуратура выступіла з заявай па гэтай справе, паведамляе tvp.info.

У сераду ў інтэрв'ю прапагандысцкаму агенцтву РІА «Новости» амбасадар Сяргей Андрэеў паскардзіўся, што «сродкі з рахункаў расійскай амбасады і гандлёвай палаты ў банку Santander былі пераведзены на рахункі пракуратуры«.

Паводле расійскага амбасадара, гэта былі «значныя сродкі» ў доларах ЗША і злотых. Амбасадар Расіі назваў згаданае дзеянне «грубым парушэннем Венскай канвенцыі аб дыпламатычных адносінах».

Прэс-сакратар Нацыянальнай пракуратуру Польшчы Лукаш Лапчыньскі паведаміў, што на падставе паведамлення ад 2 сакавіка 2022 года Генеральнага інспектара фінансавай інфармацыі, Мазавецкае аддзяленне Дэпартамента па арганізаванай злачыннасці і карупцыі Нацыянальнай пракуратуры пачало расследаванне і вынесла пастанову аб блакіроўцы рахункаў расійскай амбасады. Ён дадаў, што рашэнне пракуратуры ў ліпені 2022 года падтрымаў Акруговы суд варшаўскага раёна Срудмесце.

Прэс-сакратар Нацыянальнай пракуратуру Польшчы Лукаш Лапчыньскі паясніў, што нядаўна пракуратура вынесла пастанову «аб змене прававой формы захоўвання сродкаў, якія падлягаюць блакіроўцы, пра што субʼект, у дачыненні да якога блакіроўкі былі ўведзеныя, быў паведамлены копіяй пастановы».

Банкаўскі рахунак амбасады Расіі ў Варшаве быў заблакаваны яшчэ ў канцы лютага 2022 года, то бок праз некалькі дзён пасля нападу Расіі на Украіну. Як высветліў Business Insider Polska, тое самае было зроблена з банкаўскім рахункам Гандлёвага прадстаўніцтва Расіі ў Польшчы.

Спачатку сродкі на рахунках арыштаваў Генеральны інспектар фінансавай інфармацыі, а пазней пракуратура прадоўжыла згаданы арышт на паўгода. Следчыя матывавалі сваё рашэнне тым, што грошы з рахунку амбасады могуць быць выкарыстаныя для фінансавання тэрарызму.

Як паведамляў у сярэдзіне сакавіка тэлеканал TVN24, пасля ўварвання Расіі ва Украіну дыпламаты расійскай амбасады ў Варшаве спрабавалі зняць наяўнымі больш за 2 мільёны еўра. Аднак гэта ім не ўдалося.

аз