Ужо 14 раз сёлета ў Польшчы адбываецца акцыя пад назваю «Пасылка на Крэсы». Падрыхтавана амаль 1,5 тыс. пасылак. У акцыі па зборы дароў і перадачы іх людзям, якія пражываюць за ўсходняй мяжой Польшчы, сёлета ўдзельнічала галоўным чынам моладзь, паколькі, дзякуючы супрацы з органамі асветы, збор рэчаў быў магчымы ў школах, – распавядае старшыня Фундацыі «Крэсы ў патрэбе» Агнешка Скаўроньска (Agnieszka Skowrońska).
- У зборы ўдзельнічала звыш ста школаў. Два тыдні таму мы ўпакоўвалі пасылкі з прадуктамі харчавання. Гэта рабілі валанцёры, школьнікі, гарцэры, вучні ваенных школ. Пазней валанцёры паехалі ў Літву, Латвію і ўручылі гэтыя пасылкі. Дарэчы, не толькі палякам, але ўсім тым, пра каго нам паведамяць святары ў парафіях на тэрыторыі Вільні ці Даўгаўпілса. Мы аказваем дапамогу таксама Украіне, у гэты панядзелак адправіўся груз з дарамі, удалося сабраць сапраўды шмат. Палякі ўвесь час адкрываюць свае сэрцы.
Да 2020 года Фундацыя «Крэсы ў патрэбе», а таксама Польская нацыянальная фундацыя аказвалі шырокую падтрымку і жыхарам Беларусі, у тым ліку польскага паходжання. На жаль, рэпрэсіі з боку беларускага рэжыму змянілі сітуацыю, але дапамога і так паступае, аднак па больш нефармальных каналах, пра якія лепш адкрыта не расказваць, – адзначае член управы Польскай нацыянальнай фундацыі Цэзары Анджэй Юркевіч (Cezary Andrzej Jurkiewicz).
- Беларусь увесь час прысутная ў нашых сэрцах. Раней на працягу гадоў галоўным кірункам дзейнасці Фундацыі «Крэсы ў патрэбе» была менавіта Беларусь. А калі пачалася пандэмія, узніклі розныя цяжкасці. Тым не менш, мы ўвесь час стараемся падтрымліваць жыхароў Беларусі, у тым ліку цяпер, але лепш не казаць, праз якія арганізацыі і як. Не хочацца, каб хтосьці нейкім чынам пацярпеў, паколькі мы разумеем, на колькі цяжкая цяпер сітуацыя ў Беларусі – палітычная і юрыдычная. Але, паверце, мы ўвесь час памятаем пра Беларусь. Калі мы думаем пра гэтую краіну, мы бачым Другую Рэч Паспалітую – выключную структуру на мапе Еўропы, якая была пратапластам сённяшняга Еўрапейскага Саюзу або ЗША. Рэч Паспалітая была ўнікальнай, у ёй маглі свабодна жыць людзі розных нацыянальнасцяў, розных веравызнанняў, гэта было месца, куды маглі ўцякаць усе, хто адчуваў сябе небяспечна ў іншых дзяржавах. Калі мы глядзім у будучыню, то мы спадзяемся, што настане такая рэчаіснасць, якая будзе ў стане яднаць, а не дзяліць. Таму мы працягваем дзейнасць – у Літве, Латвіі, Украіне, але не забываем і пра Беларусь.
Асобна неабходна згадаць Украіну, дзе ўжо больш за год ідзе вайна. Там пражывае цяпер асабліва шмат людзей, якім неабходная дапамога.
- Так, патрэбы вялізарныя. Мы супрацоўнічалі з кляштарам у Язлоўцу ў заходняй Украіне. Паспелі яшчэ завезці дары на Божае нараджэнне, сустрэліся з мясцовымі палякамі, і зразумелі, як важна падтрымліваць Украіну. У кляштары польскія манашкі прымаюць бежанцаў з тэрыторыі, дзе ідзе вайна, ім патрэбная і матэрыяльная дапамога, і праца валанцёраў, у тым ліку фізічная. Цяпер груз з рэчамі паехаў у Кастопаль, дзе пробашч мясцовай парафіі Анджэй зладзіў месца, дзе кожны можа абагрэцца і нешта паесці, калі дома няма абагрэву і ежы, а такое здаралася апошняй зімой. Пробашч таксама высылае дапамогу салдатам на фронце.
Па словах Цэзары Юркевіча, дапамога, якую рыхтуюць у Польшчы, трапляе не толькі ў рукі палякаў за ўсходняй мяжой, але таксама да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў.
- Мы прыходзім да кожнага, пра каго ведаем, што яму патрэбная дапамога. Напрыклад, нядаўна, будучы ва Украіне, мы прыехалі ў населены пункт на колішняй мяжы Другой Рэчы Паспалітай. І аказалася, што мы былі першымі палякамі, якія туды прыехалі з 1939 году, не лічачы дыпламатаў і святароў. І гэта было неверагодна. Нас прынялі ў маленькім касцёле, жыхары ўжо не размаўляюць па-польску, але гэта не мае значэння. Для нас самае галоўнае – сказаць чалавеку: мы – браты. Надоечы ў Варшаву прыехаў прэзідэнт Зяленскі і ён таксама казаў пра братэрства. І мы хочам быць братамі з тымі, з кім утрымліваем сувязь – у Літве, Латвіі, Украіне ці Беларусі. І важна, каб гэта разумелі маладыя людзі, каб яны паехалі з намі, скажам, у Літву, дзе пахаваныя героі нашай сумеснай гісторыі, у тым ліку беларускі герой. Дзякуй Богу, што ёсць моладзь, якая хоча ездзіць на ўсход. У нас ёсць такія маладыя людзі, якія ездзяць з намі ўжо чарговы раз і ўцягваюць у гэта сваіх сяброў.
У святочныя дні нашы госці папрасілі таксама перадаць віншаванні слухачам з нагоды Вялікадня.
- Неабходна памятаць, што побач з намі ідзе вайна. Трэба ўсім пажадаць міру, асабліва Украіне, а ёй таксама перамогі. Калі прыходзіць свята Пасхі, звязанае з пераходам ад смерці да жыцця, мы павінны вырывацца з нашых смерцяў, якія нас знявольваюць, і, нягледзячы на нашу слабасць і грэшнасць, несці дабро.
- Цяпер нам больш за ўсё патрэбныя мір і згода, будаванне стабільнага паразумення паміж нашымі народамі.
Фундацыя «Крэсы ў патрэбе» уключылася таксама ў прасоўванне ведаў пра беларускую рэвалюцыю 2020 года праз спецыяльную гульню для моладзі «Гадзіна адсюль на ўсход».
нг