Беларуская Служба

107 чалавек спрабавалі нелегальна трапіць з Беларусі ў Польшчу

12.05.2023 12:25
33 з іх, убачыўшы польскія патрулі, вярнуліся на беларускі бок, паведамляе польская Памежная служба.
Ілюстрацыйнае фотаhttps://twitter.com/Straz_Graniczna/

107 замежнікаў спрабавалі ў чацвер нелегальна трапіць з Беларусі ў Польшчу. У асноўным гэта былі грамадзяне Індыі ды Егіпта.

Замежнікі напалі на польскія патрулі, якія сарвалі спробу нелегальнага перасячэння мяжы. «Усё часцей мы назіраем агрэсіўныя паводзіны замежнікаў, якія атакуюць польскія патрулі, бо хочуць любой цаной дасягнуць сваёй мэты – прабрацца з Польшчы далей у ЕС», гаворыцца ў паведамленні Памежнай службы.

У ваколіцах Нараўкі памежнікі затрымалі перавозчыка - гэта быў грамадзянін Украіны, які вёз пяць грамадзян Самалі, сірыйца і еменца, паведаміла ў пятніцу раніцай памежная служба ў Twitter. Яна таксама паведаміла, што замежнікі маюць расійскія візы.

Усяго з пачатку года памежная служба зафіксавала больш за 9 тысяч спроб незаконнага перасячэння мяжы з Беларусі ў Польшчу. У сакавіку і красавіку было каля 2,5 тысяч, у траўні пакуль - агулам больш за 900. Паводле падлікаў Памежнай службы, затрыманыя сёлета на мяжы з Беларуссю мігранты прыехалі больш чым з 40 краін.

На 206 км польска-беларускай мяжы ўсталявана сталёвая агароджа вышынёй 5,5 метраў з электронным маніторынгам, то бок сістэмай камер і датчыкаў.

На Падляшшы да асобага распараджэння зачыненыя ўсе аўтамабільныя памежныя пераходы з Беларуссю. Працуюць толькі чыгуначныя пераезды ў Кузьніцы і Семяноўцы.

Зараз у гэтым рэгіёне дзейнічае палажэнне, якое забараняе знаходзіцца на ўсім участку памежнай паласы на мяжы з Беларуссю.

Паласа памежнай дарогі - паводле вызначэння Закона аб ахове дзяржаўнай мяжы - гэта ўчастак шырынёй 15 метраў, лічачы ўглыб краіны ад лініі дзяржаўнай мяжы або ад берага памежных вод ці берага мора.
РАР/юл