Беларуская Служба

Польскія ўлады заклікаюць Брусель змяніць сваю пазіцыю адносна імпарту прадуктаў харчавання з Украіны

20.07.2023 08:54
Аднаўленне свабоднага імпарту збожжа з Украіны ў нашу частку Еўрасаюза недапушчальна, заявіў Матэвуш Маравецкі.
  .
Збожжа ў зернясховішчы. Ілюстрацыйны здымак pixabay.com/Mexxicana

Прэм'ер-міністр быў госцем на сустрэчы міністраў сельскай гаспадаркі Польшчы, Славакіі, Румыніі, Балгарыі і Венгрыі ў Варшаве. Яны былі прысвечаны далейшаму лёсу палітыкі Бруселя ў дачыненні да імпарту збожжа з Усходу. Бягучая блакіроўка павінна дзейнічаць да 15 верасня.

Кіраўнік польскага ўраду падкрэсліў, што ў бліжэйшыя тыдні трэба працаваць над пошукам бяспечных рашэнняў для краінаў нашай часткі Саюзу. У адваротным выпадку Варшава не адкрые свой рынак ні для збожжавых, якія сёння заблакаваныя, ні для іншай сельскагаспадарчай прадукцыі з Украіны: «Мы не адкрыем гэтую мяжу», – заявіў прэмʼер-міністр. «Ваганні коштаў на сусветных рынках – гэта адно. Але калі яны яшчэ больш узмацняюцца імпартам з Украіны, мы на гэта нязгодныя. Альбо пасля 15 верасня будуць распрацаваныя адпаведныя механізмы і рэгламенты, альбо ўрад у аднабаковым парадку будзе гэта рэалізоўваць», – абвясціў Матэвуш Маравецкі.

Міністр сельскай гаспадаркі Польшчы Роберт Тэлус нагадаў, што ўдзельнікі сустрэчы прынялі дэкларацыю, у якой заклікаюць Еўракамісію падоўжыць забарону на імпарт збожжа як мінімум да канца году. Яны таксама заклікаюць да ўдзелу Бруселя ў будаўніцтве эфектыўных транспартных калідораў, якія спрыяюць экспарту збожжа з Украіны ў ЕС: «Гэтая кааліцыя ў інтарэсах Украіны, таму што мы хочам дапамагчы Украіне», – сказаў міністр. «Гэтая кааліцыя таксама выступае за еўрапейскую салідарнасць. Сёння ЕС знаходзіцца перад вельмі важным момантам. Мы будзем даўжэй з украінскімі прадуктамі – або ў будучыні – з малдаўскімі. Наша пазіцыя як раз у тым, каб пабудаваць такія механізмы, якія будуць уплываць на будучыню», – растлумачыў кіраўнік Мінсельгасхарча.

У папярэднім сезоне ў Польшчу прыбыло каля 3,5 мільёнаў тон збожжавых з Украіны, у асноўным кукурузы і пшаніцы.

Цяперашняя забарона на імпарт распаўсюджваецца на кукурузу, пшаніцу, рапс і сланечнік. Дазваляецца бесперашкодна ўвозіць іншыя прадукты, у тым ліку садавіну, мяса ці мёд.

ав