Чалец так званай рады камандзіраў ПВК «Вагнер» з пазыўным Маркс заявіў, што ў Беларусь плануюць прыехаць да 10 тысяч наймітаў. Таксама ён назваў хлуснёй заяву Мінабароны Расіі аб тым, што кантракт з вайскоўцамі падпісалі 33 тысячы баевікоў, піша zerkalo.io.
«Не магу сказаць, адкуль з'явіліся 33 тысячы тых, хто пайшоў у Мінабароны. Вось рэальная матэматыка. Усяго за ўкраінскую камандзіроўку прайшло 78 тысяч байцоў ПВК «Вагнер». З іх 49 тысяч – гэта зняволеныя. На момант узяцця Бахмута (20 траўня) забітымі было 22 тысячы байцоў, параненымі 40 тысяч. Жывымі і здаровымі 25 тысяч, плюс параненыя, якія знаходзяцца на лячэнні. З іх выбыла і выбывае ў Беларусь да 10 тысяч. Ужо пайшлі ў водпуск 15 тысяч. Якім чынам сфармаваліся 33 тысячы тых, хто пайшоў да вайскоўцаў, мне пакуль невядома. Калі ўсе забітыя і якія пайшлі ў адпачынак падпісалі кантракты, то тады гэта магчыма. Тут не паспрачаешся», – цытуюць ягоныя словы блізкія да ПВК «Вагнер» тэлеграм-каналы.
Паводле інфармацыі маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», па стане на вечар 19 ліпеня ў Беларусь прыбылі дзевяць калон ПВК «Вагнер». На тэрыторыі Беларусі ў дадзены момант знаходзяцца больш за 2000 байцоў расійскай прыватнай ваеннай кампаніі.
ав/zerkalo.io