«Збіраюцца аказаць ціск і на нас, каб мы змякчылі праблемы, якія ўзніклі на фоне харчовага крызісу, вырашыўшы экспарт угнаенняў з Беларусі. Я ўсім сваім калегам сказаў, што мы не дамовімся, і сапраўды пазіцыя Літвы засталася ранейшай, яна не змянілася і не зменіцца. Мы лічым зусім няправільным змякчаць санкцыі супраць дыктатараў», - сказаў у Клайпедзе кіраўнік Літвы, якога цытуе партал Delfi.
«Гэта няправільна, таму што адной рукой мы ўзмацняем жорсткасць санкцый, а другой адкрываем шлюзы, каб Лукашэнка мог працягваць зарабляць цвёрдую валюту на экспарце ўгнаенняў. Гэта поўны нонсэнс. Таму мы не можам гэта адобрыць», – запэўніў ён, падкрэсліўшы, што такую ж пазіцыю займаюць усе літоўскія ўстановы і палітыкі.
Прэзідэнт падкрэсліў, што глабальны крызіс выкліканы не санкцыямі ў дачыненні да беларускіх угнаенняў, а рашэннем Расіі выйсці з пагаднення аб экспарце ўкраінскага збожжа. «Паколькі Расія чарговы раз цынічна маніпулюе, сама выклікаючы харчовы крызіс, (...) ад якога зараз пакутуе не толькі Украіна, але і далёкія ад Украіны бедныя рэгіёны, яна таксама выкарыстоўвае гэты рычаг як своеасаблівы інструмент для шантажу. Гэта зусім непрымальна», – асудзіў рашэнні Крамля Наўседа.
«Мы працягнем пераконваць нашых калег у тым, што такія паводзіны павінны карацца і найперш карацца міжнароднымі ўстановамі», – падкрэсліў лідар краіны.
З аналагічнай заявай у чацвер выступіла і віцэ-міністр замежных спраў Ёвіта Нелюпшэне. Яна падкрэсліла, што не павінна быць ніякіх саступак Маскве, якая патрабуе змякчэння заходніх санкцый у абмен на вяртанне да пагаднення аб экспарце ўкраінскага збожжа.
Паводле яе слоў, патрабаванні Расіі аб зняцці санкцый з харчовых тавараў і ўгнаенняў з'яўляюцца прапагандай, паколькі ЕС не прымяняе санкцыі да харчовых тавараў.
ав/Delfi