Беларуская Служба

Польскі прэм'ер выклікаў на дэбаты лідара найбуйнейшай еўрапейскай партыі

08.08.2023 08:20
Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі выклікаў на дэбаты кіраўніка Еўрапейскай народнай партыі Манфрэда Вэбера.
Аўдыё

У апошнія дні Манфрэд Вэбер часта атакаваў урад парыі «Права і справядлівасць» (ПіС) у Польшчы. Ён наўпрост прызнаўся, што будзе змагацца з партыяй Яраслава Качыньскага.

«Кожная партыя павінна прыняць вяршэнства закона. Гэта бар'ер супраць прадстаўнікоў ПіС у Польшчы, якія сістэматычна парушаюць вяршэнства закона і нападаюць на свабодныя СМІ. Мы не будзем вагацца ў гэтых трох прынцыпах. Той, хто прымае гэта, можа быць дэмакратычным партнёрам - канкурэнтам. Палітычны канкурэнт, але дэмакратычны партнёр. Усе іншыя, хто не паважае гэта, як нямецкая AfD, як Ле Пэн у Францыі або ПiС у Польшчы, з'яўляюцца нашымі ворагамі, і мы будзем супраць іх змагацца», - сказаў старшыня Еўрапейскай народнай партыі Манфрэд Вэбер тэлеканалу ZDF.

Гэтыя словы выклікалі абурэнне ў польскага прэм'ера. «Гэта зашмат. Як прэм'ер-міністр польскага ўрада, які прадстаўляе парламенцкую большасць, абраную на дэмакратычных выбарах, я не дазволю так паклёпнічаць на выбар палякаў. Манфрэд Вэбер - нямецкі кіраўнік партыі, да якой належыць Грамадзянская платформа - унёс ПіС ў шэраг партый, з якімі яны будуць змагацца. Ён назваў нас сваімі ворагамі. Гэта чарговая заява, што немцы адкрыта прызнаюць, што будуць умешвацца ў выбары ў Польшчы. Вы абвінавачваеце нас у парушэнні дэмакратычных правілаў, тады, калі ласка, далучайцеся да дэбатаў», вынікае з допісу Маравецкага апублікаванага ў сацыяльных сетках.

Падрабязнасці па гэтым пытанні кіраўнік польскага ўрада апублікуе пазней. Пакуль вядома толькі прапанова правесці «тэледэбаты» 2 кастрычніка.

ПР/юл