Беларуская Служба

Учора 112 чалавек спрабавалі нелегальна перайсці з Беларусі ў Польшчу

08.08.2023 17:02
У звязку гэтым Польшча перакідвае тысячу вайскоўцаў на мяжу.
    -
Польскі пагранічнік на ахове беларуска-польскай мяжы twitter.com/Straz_Graniczna

За мінулы дзень з Беларусі ў Польшчу спрабавалі нелегальна трапіць 112 чалавек. Сярод іх былі грамадзяне 15 краін: Марока, Непала, Сенегала, Шры-Ланкі, Емена, Індыі, Сірыі, Ірана, Егіпта, Ірака, Афганістана, Пакістана, Алжыра, Самалі і Эфіопіі.

На ўчастку ў Міхалове грамадзянін Сенегала перасякаў Істачанку, а на ўчастку ў Баброўніках — мараканец праз Свіслач.

«На ўчастку ў Дубічах Царкоўных за дапамогу парушальнікам мяжы былі затрыманыя жанчына і мужчына з Літвы — агулам на двух аўтамабілях яны перавозілі адзінаццаць грамадзян Сірыі», — паведаміла польская Памежная служба.

У звязку з павелічэннем колькасці спроб нелегальнага перасячэння мяжы з боку Беларусі галоўнакамандуючы Памежнай аховы Томаш Прага звярнуўся з просьбай перакінуць на гэты ўчастак дадатковую групу з 1000 вайскоўцаў.

Сёлета было выяўлена 19 тысяч спроб нелегальнага перасячэння польскай мяжы. Летась было менш за 16 тысяч. Ліпень стаў рэкордным — у Польшчу спрабавалі трапіць амаль чатыры тысячы чалавек. Такія лічбы не рэгістраваліся з 2021 года, калі рэжым Лукашэнкі пачаў гібрыдную аперацыю супраць Польшчы ды ЕС.

Сёлета за перавозку нелегальных мігрантаў прыцягнута да адказнасці 490 чалавек. Большасць з іх - замежнікі. Абвінавачванні тычыліся спробы трапіць у памежную зону з польскага боку, каб забраць нелегальных мігрантаў і пераправіць іх у Германію.

Паводле польскіх уладаў, кожнае нелегальнае перасячэнне мяжы паміж Беларуссю і Польшчай адбываецца з удзелам беларускіх службаў, а ўсю працэдуру арганізуюць мясцовыя афіцэры. Нелегальных мігрантаў групуюць непасрэдна на памежных заставах або ў непасрэднай блізкасці ад іх і своечасова дастаўляюць да мяжы.

Беларускія службы таксама будуць удзельнічаць у пашкоджанні памежнага муру  — яны электраінструментам рэжуць агароджу.

Акрамя таго, пасля ўзвядзення муру на мяжы з Беларуссю павялічылася агрэсія з боку парушальнікаў у дачыненні да польскіх памежнікаў, паліцэйскіх і вайскоўцаў падчас спроб прарыву ў Польшчу. Мігранты кідаюць бутэлькі, камяні, страляюць з рагатак. Магчыма, што таксама выкарыстоўвалася пнеўматычная або агнястрэльная зброя.

ПР/юл