Беларуская Служба

У Любліне праходзіць эвакуацыя 14 тысяч жыхароў

11.08.2023 10:02
Ратавальныя службы вырашылі эвакуіраваць амаль 14 тысяч жыхароў Любліна з раёна, дзе была знойдзена вялізарная бомба часоў Другой сусветнай вайны.
Ілюстрацыйны здымакObraz Sy Hoa Nguyen z Pixabay/CC0

Эвакуацыя пачалася а 7:00 і працягнецца некалькі гадзін. Жыхары павінны пакінуць свае кватэры да 11:00.

Мэрыя Любліна паведаміла, што вызначаныя тры месцы для збору. Адтуль аўтобусы грамадскага транспарту з надпісам ЭВАКУАЦЫЯ будуць дастаўляць жыхароў да стадыёна «Арэна Люблін». Жыхарам дазволілі ўзяць з сабой хатніх жывёл.

Акрамя таго, у зоне эвакуацыі будуць зачыненыя дзіцячыя сады, якія дзяжураць у святочныя дні. Паркоўка на стадыёне «Арэна Люблін» таксама будзе бясплатнай.

Для людзей з абмежаванымі магчымасцямі і тых, хто патрабуе медыцынскага дагляду, падрыхтаваны месцы ў двух дамах састарэлых. Ляжачых адвязуць у спартыўную залу адной з гімназій. У гэтых месцах таксама будзе аказвацца псіхалагічная дапамога.

Дапамогу ў эвакуацыі жыхароў акажуць праваахоўныя службы. Чыноўнікі заклікаюць людзей захоўваць спакой.

ПР/юл