Беларуская Служба

Жыхары Польшчы святкуюць Дзень Войска Польскага

15.08.2023 08:52
Жыхароў і гасцей сталіцы запрашаюць на ваенны парад, а таксама на армейскі пікнік. 
15 sierpnia to Święto Wojska Polskiego
15 sierpnia to Święto Wojska PolskiegoTwitter/@MON_GOV_PL

Палякі адзначаюць сёння Дзень Войска Польскага ў гонар гадавіны перамогі над бальшавікамі ў 1920 годзе. З гэтае нагоды ў сталіцы адбудзецца ваенны парад, а Міністэрства нацыянальнай абароны запрашае на пікнік на пляцоўцы Нацыянальнага стадыёну PGE.

Наведнікі мерапрыемства не толькі змогуць убачыць самую сучасную тэхніку, але і пазнаёміцца з вайскоўцамі, якія абыходзяцца з ёю, а таксама праверыць сваю фізічную форму.

Арганізатары падрыхтавалі спецыяльную праграму, у тым ліку забег на пляцоўцы нацыянальнага стадыёна.

Пачатак пікніка і старт забегу – у 9 гадзін, з 11 гадзіны вайскоўцы будуць частаваць гарохавым супам і хлебам. А апоўдні – парадная муштра ў выкананні ваеннага аркестра з Радама.

103 гады таму перавага бальшавікоў над польскім войскам была значнай, таму перамогу над імі пад Варшавай называюць «цудам на Вісле». Разгром бальшавікоў стаў пачаткам серыі паражэнняў, якія прымусілі іх пакінуць тэрыторыю Другой Рэчы Паспалітай.

18 сакавіка 1921 г. у Рызе быў падпісаны мірны дагавор, які вызначаў польска-савецкую мяжу і рэгуляваў адносіны паміж краінамі да агрэсіі СССР супраць Польшчы 17 верасня 1939 г. Варшаўская бітва ўмацавала незалежнасць Польшчы і сарвала планы пашырэння камунізму на дзяржавы Заходняй Еўропы.

IAR/нг