Беларуская Служба

Яраслаў Качыньскі пакараны вымовай 

30.08.2023 18:35
Старшыня партыі «Права і справадлівасць» (ПіС) Яраслаў Качыньскі атрымаў вымову ад парламенцкай камісіі па этыцы.
  ()
Яраслаў Качыньскі (злева)Twitter/@pisorgpl

Старшыня партыі «Права і справадлівасць» (ПіС) Яраслаў Качыньскі атрымаў вымову ад парламенцкай камісіі па этыцы. Пра гэта ў інтэрв'ю polsatnews.pl паведаміла дэпутатка партыі «Lewica» Моніка Фалей.

Партал polsatnews.pl пацвердзіў, што Яраслаў Качыньскі атрымаў вымову ад парламенцкай камісіі па этыцы. Гэта звязана з яго нядаўнімі словамі ў адрас лідара «Грамадзянскай платформы» Дональда Туска.

Падчас пікніка ў Ставісках на Падляшшы, які адбыўся 23 ліпеня, старшыня ПіС публічна заявіў, што «Дональд Туск – сапраўдны вораг нашай нацыі».

– Ён не павінен кіраваць Польшчай, пара гэта выразна сказаць. Няхай едзе ў сваю Германію і кіруе там, – сказаў Качыньскі людзям, якія сабраліся на пікніку.

Палітык скончыў сваю прамову словамі «запомніце гэтага рыжага. Ён зʼяўляецца самай вялікай пагрозай для Польшчы».

Як піша polsatnews.pl, заява Яраслава Качыньскага трапіла пад пільную ўвагу ў Камітэце па этыцы дэпутатаў на просьбу незадаволенага грамадзяніна. Вынік – пакаранне старшыні ПіС вымовай.

З гэтай нагоды выступіла старшыня Камісіі, дэпутатка ад партыі левых Моніка Фалей, якая заявіла, што «стандарты польскіх палітыкаў павінны быць як мага вышэйшымі, асабліва тых, хто займае парламенцкія або партыйныя пасады».

- Спадар Качыньскі павінен быць узорам для пераймання, а не папрокам. Ён стварае і сустварае стандарты і звычаі ў польскай палітыцы, – дадала Фалей у інтэрвʼю polsatnews.pl.

Вымову атрымаў і дэпутат Лукаш Мэйза (Partia Republikańska). У дадзеным выпадку прычынай пакарання стала выказванне Мэйзы ў эфіры TVP Info, дзе ён пабываў 12 чэрвеня. Тады Мэйза назваў ЛГБТ-супольнасць «вясёлкавай чумой». Заяву па гэтай справе падаў у Камісію этыкі Фонд Баста.

яс