У Польшчы разбітая злачынная групоўка, якая займалася кантрабандай і незаконным абаротам наркотыкаў, у асноўным марыхуаны. Банда была звязаная з варшаўскім асяроддзем хуліганаў. Паліцыя ліквідавала шлях кантрабанды наркотыкаў з Іспаніі і канфіскавала больш за 45,5 кг наркотыкаў, кошт якіх на чорным рынку складае больш за 2,3 мільёна злотых.
«Супрацоўнікі Кіраўніцтва Галоўнага следчага бюро паліцыі ў Варшаве падчас выканання службовых абавязкаў атрымалі інфармацыю, што пасылкі, якія маглі ўтрымліваць наркотыкі, адпраўлялі ў Іспанію. Дзякуючы інтэнсіўнай следчай працы, паліцыя выявіла дзве кватэры ў Варшаве, якія маглі выкарыстоўвацца ў якасці складаў наркотыкаў», заявіла прэс-сакратар Цэнтральнага следчага бюро Івона Юркевіч.
Службы затрымалі чатырох мужчын, двое з якіх звязаныя з хуліганамі аднаго з варшаўскіх спартовых клубаў. «У выніку ператрусаў былі канфіскаваныя пасылкі з наркотыкамі, якія ўтрымлівалі больш за 45,5 кг марыхуаны агульным коштам амаль 2,3 мільёна злотых на чорным рынку. Канфіскаваныя таксама грашовыя сродкі і ювелірныя вырабы на суму каля 130 тысяч злотых, а таксама электроннае абсталяванне », – адзначыла прадстаўніца паліцыі.
Пасля дастаўкі ў пракуратуру чатыром мужчынам прад'явілі абвінавачанне ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе, якая займалася незаконным абаротам наркотыкаў і кантрабандай наркотыкаў у значнай колькасці.
Акруговая пракуратура ў Варшаве падала хадайніцтва аб меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту ў дачыненні да трох падазраваных. Суд задаволіў хадайніцтва.
Злачынствы, інкрымінаваныя затрыманым, караюцца пазбаўленнем волі тэрмінам ад 3 да 15 гадоў.
PAP/нг