Польшча выказала «глыбокую заклапочанасць» у сувязі з заявай Вялікабрытаніі аб расійскіх кібератаках, накіраваных на дэмакратычныя інстытуты і выбарчыя працэсы ў Злучаным Каралеўстве, – гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных спраў Польшчы.
«Польшча цалкам салідарная з Вялікабрытаніяй. Наша пазіцыя па гэтым пытанні выказана ў дэкларацыі Еўрапейскага Звязу. Мы рашуча асуджаем усе формы зламыснай кіберактыўнасці, накіраванай на дэстабілізацыю дэмакратычных інстытутаў, дзяржаўнага кіравання і грамадскага жыцця», – гаворыцца ў заяве ведамства.
Польскія дыпламаты «рашуча выступаюць за тое, каб дзяржавы, прыватны сектар і прыватныя асобы прытрымліваліся зацверджаных ААН прынцыпаў адказных паводзін у кіберпрасторы».
«Усе краіны, якія абараняюць прынцыпы дэмакратыі як асновы міжнароднага парадку, павінны цесна супрацоўнічаць, каб абараняць гэтыя каштоўнасці таксама ў кіберпрасторы», – гаворыцца ў заяве МЗС Польшчы.
Нагадаем, 7 снежня Лондан абвінаваціў ФСБ Расіі ў спробе ўмяшання ў палітычныя працэсы з дапамогай кібератакаў.
эж