Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў у сацыяльных сетках, што размаўляў па тэлефоне з новым польскім прэм'ер-міністрам Дональдам Тускам, у тым ліку аб чаканых рашэннях саміту Еўрапейскай рады і ўзаемаадносінах.
«Падчас знаходжання ў Осла я размаўляў з прэмʼер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам», – напісаў Уладзімір Зяленскі. «Я павіншаваў свайго сябра з вылучэннем і пачаткам новай старонкі ў нашых двухбаковых адносінах. Па меры набліжэння саміту Еўрапейскай рады мы абмяркоўвалі маючыя адбыцца рашэнні, якія абʼяднаюць усю еўрапейскую супольнасць. Я пачуў словы рэальнай падтрымкі», – падкрэсліў прэзідэнт Украіны.
«Мы мацнейшыя, калі мы разам. Я перакананы, што разам з новым урадам у Польшчы мы паскорым вырашэнне ўсіх нявырашаных пытанняў у нашых адносінах на карысць абодвух бакоў», – напісаў Уладзімір Зяленскі на платформе «X».
Прэзідэнт Украіны таксама паведаміў, што запрасіў Дональда Туска ва Украіну. «Мы таксама ўзгаднілі графікі далейшых кантактаў. Я запрасіў Дональда Туска наведаць нашу краіну як мага хутчэй», – напісаў Уладзімір Зяленскі.
Прэзідэнт Зяленскі, верагодна, сёння будзе ў Бруселі, дзе праходзіць саміт ЕС, адна з галоўных тэмаў якога – Украіна.
Учора крыніцы ва ўрадзе Польшчы заявілі, што сёння магчымая сустрэча прэмʼер-міністра Дональда Туска і Уладзіміра Зяленскага.
Прэзідэнт Украіны быў учора ў сталіцы Нарвегіі, Осла, на сустрэчы паўночных краінаў. Па выніках сустрэчы стала вядома аб тым, што Нарвегія падрыхтавала пакет дапамогі Украіне на агульную суму 1 млрд еўра, з якіх неўзабаве выдзеліць 100 млн еўра на ўзмацненне мер супрацьпаветранай абароны. Пра дапамогу аналагічнага памеру заявіла Данія, якая дапаможа Украіне набыць танкі, беспілотнікі і боепрыпасы. Тым часам Вялікабрытанія і Нарвегія сумесна абвясцілі аб ініцыятыве так званай кааліцыі ваенна-марскога патэнцыялу для падтрымкі ўкраінскіх сіл у Чорным і Азоўскім морах.
ав